Намесніка кіраўніка «БелТА» асудзілі да 5 гадоў калоніі за «злівы» каналу «Нік і Майк»


Суд Савецкага раёну Менску прызнаў вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэксу) былога намесніка генеральнага дырэктара «БелТА» па ідэалагічнай працы Сяргея Адзярыху. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Адзярыха быў асуджаны за перадачу прадстаўніку Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і тэлеграм-каналу «Нік і Майк» службовай інфармацыі, у тым ліку наконт працоўнага графіку Лукашэнкі і іншых асобаў. Матыў – «пазбяганне люстрацыі пасля змены ўлады». Да затрымання Адзярыхі на тэлеграм-канале было апублікавана 58 допісаў на падставе інфармацыі, якую ён падаваў.

Згодна з версіяй абвінавачвання, дзеянні Адзярыхі нібыта выклікалі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, якая выявілася ў падрыве аўтарытэту і дзелавой рэпутацыі «БелТА»; дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў і службовых асобаў; стварэнні ў грамадстве меркавання аб прадажнасці, незадаволенасці дзяржаўных службовых асобаў; вымушанай змене працоўных графікаў Лукашэнкі ды іншых наступстваў.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, вырак быў вынесены яшчэ 10 студзеня 2022 года. Суддзя Аляксандр Волк прызначыў Адзярыху пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 рублёў).

Дакладная дата затрымання былога чыноўніка невядомая – імаверна, гэта адбылося ў верасні 2021 года. Справай займаўся КДБ. Да суда Адзярыха ўтрымліваўся пад вартай.

Лукашэнка ўручае падзяку Адзярыху 10 студзеня 2020 года.
Фота: president.gov.by

Сяргей Адзярыха раней працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, потым быў намеснікам генеральнага дырэктара «БелТА». 10 студзеня 2020 года ён быў уганараваны падзякай Лукашэнкі за «высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».

РР belsat.eu

Стужка навінаў