Летась у Беларусі купілі 25 тысяч новых аўтаў


Каля дваццаці пяці тысяч новых аўтаў купілі летась у нашай краіне. Статыстыку агучыла Беларуская аўтамабільная асацыяцыя. Паводле яе, аўтарынак Беларусі працягвае набіраць моц. У асацыяцыі распавялі і пра чыннікі нібыта пазітыўнае дынамікі. Сярод іх эксперты называюць рост даходаў беларусаў, камфортныя крэдытныя ўмовы, а таксама актыўнасць на рынку кітайскіх брэндаў. Аднак, калі параўноўваць з замежным аўтарынкам, айчынныя паказнікі выглядаюць даволі сціпла. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Айчынны аўтарынак працягвае расці, сцвярджае Беларуская аўтамабільная асацыяцыя. Летась беларусы купілі 25 тысячаў новых аўтаў. У Польшчы за той жа перыяд набылі 476 тысяч новых аўтамабіляў.

«Калі ў Беларусі гэта прыкладна 270 новых аўтаў на 100 тысяч насельніцтва, то ў Польшчы – 1260 аўтаў на 100 тысяч. Атрымліваецца, што ў Польшчы гэты паказнік вышэйшы прыкладна ў 4,7 разы», – кажа экспертка Цэнтру эканамічных Настасся Лузгіна.

У топе папулярных брэндаў у палякаў – сусветна вядомыя «Таёта», «Шкода» і «Кія». Яны склалі каля 37 % усіх продажаў. У Беларусі ж летась у снежні 71 % ад агульнай колькасці продажаў склалі аўты кітайскага брэнду «Джылі».

Гэткая абмежаванасць прапановаў на рынку негатыўна ўплывае на жаданне беларусаў набываць новыя аўтамабілі.

«Усё больш і больш беларусаў праз адсутнасць выбару будуць аддаваць перавагу кітайскаму аўтапраму і расейскім маркам», – кажа Настасся Лузгіна.

Але галоўны чыннік, чаму беларусы не могуць дазволіць сабе новага аўта, – заробкі. Сярэдні заробак у Беларусі – прыкладна 618 долараў у эквіваленце. У Польшчы гэты паказнік – 1816 долараў.

Нашая экспертка, эканамістка Аліса Рыжычэнка ўпэўненая, што купля новага аўтамабіля – гэта хутчэй раскоша для беларусаў.

«У беларуса суадносіны яго штомесячных даходаў і выдаткаў нашмат горшыя, чым, напрыклад, у паляка. Каля 40 % даходаў беларуса ідзе толькі на куплю ежы», – кажа яна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі на паркоўцы дылера. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Каб стымуляваць пакупніцкую здольнасць, банкі разам з гандлярамі прапануюць беларусам фінансавую дапамогу. Так, некалькі банкаў прапануюць набыць «Джылі» у крэдыт паводле льготнай стаўкі 7,25 %, якая пасля трох гадоў павялічваецца да 12,5 %. Максімальны тэрмін выплатаў – дзесяць гадоў. Аднак давядзецца зрабіць першапачатковы ўнёсак, які можа скласці ад 40 % агульнага кошту аўта.

«Давайце параўнаем беларускія стаўкі з польскімі. У Польшчы стаўкі пачынаюцца ад 9 %, пры гэтым там няма схаваных плацяжоў. Калі разглядаць нават ільготны крэдыт для “Джылі”, то бачна, што іх прапанова часта лепей за тое, што ёсць у польскіх банках. Але даходы беларусаў усё роўна не дазваляюць ім карыстацца гэтым інструментам», – кажа Аліса Рыжычэнка.

Пра гэта ж сведчаць і вынікі нашага апытання, якое мы правялі сярод гледачоў. Гэтак, 54 % адказалі, што аўтамабіль для іх – занадта дарагі набытак, яны не могуць яго сабе дазволіць. 31 % рэспандэнтаў абірае ўжываныя аўтамабілі. І толькі 15 % апытаных узялі б новае аўта.

Алякснадр Асколаў, «Белсат»