Аўтамабілі кітайскіх марак занялі 84 % беларускага рынку


У лістападзе 84 % прададзеных у Беларусі аўтамабіляў былі кітайскімі. Рынак дылерскіх продажаў працягнуў аднаўленне, але яно паступова запавольваецца. Пра гэта апавёў старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

«Чальцы БАА зрэалізавалі 3057 легкавых і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў, у тым ліку 2689 легкавых, што ёсць рэкордным штомесячным паказнікам продажаў гэтага года.

Рынак новых легкавікоў у лістападзе вырас да адпаведнага перыяду мінулага года на 340 %. Тэмп аднаўлення рынку легкавых аўтамабіляў у цэлым за перыяд студзень – лістапад 2023 года склаў 140 %, што сведчыць пра паступовае вычарпанне эфекту нізкай базы і запаволенне тэмпу аднаўленчай дынамікі», – адзначае Варывода.

Падтрымліваюць попыт на аўтамабілі рост заробкаў і «камфортнае аўтакрэдытаванне», працягвае прадстаўнік БАА:

«Прапанова ў дылерскіх аўтасалонах працягвае пашырацца пры захаванні адносна стабільнага ўзроўню цэнаў на працягу ўсяго года. Калі ў пачатку гэтага года аўтадылеры паведамлялі аб продажах 35 мадэляў новых легкавых аўтамабіляў, то ў лістападзе мадэльны шэраг пашырыўся да 75 мадэляў.

Доля легкавікоў кітайскіх марак у справаздачным месяцы перавысіла 84 %. Стабільна высокая доля рынку ў айчыннага аўтавытворцы. Легкавыя аўтамабілі, якія сышлі з канвеера “Белджы”, забяспечылі 70 % дылерскіх продажаў», – распавядае Варывода.

Пры гэтым Беларусь актыўна нарошчвае імпарт аўтамабіляў з Еўропы. Мяркуючы з заявы БАА, у Беларусі яны не затрымліваюцца.

Аналітыка
У абыход санкцыяў праз Еўропу? Як і чым Беларусь гандлюе з ЕЗ
2023.12.04 14:54

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў