У Беларусь прыйшоў разбуральны цыклон


Аранжавы ўзровень небяспекі, чацвёртае штармавое папярэджанне за чатыры дні. У Беларусі гаспадарыць цыклон. Надвор’е адметнае моцнымі ападкамі і магутным ветрам. Ад такога надворʼя парасон не ўратуе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цёплая камфортная восень раптоўна змянілася. Цыклон з дажджом, снегам, градам і ветрам месцамі да трыццаці метраў за секунду.

Зрэшты, пра моц ветру ў гэтыя дні красамоўна сведчыць відэа, якое напярэдадні знялі жыхары менскага мікрараёну Чыжоўка. Карыстальнікі сацыяльных сетак назвалі няскоранага менчука «ўладаром ветру».

А вось аўтобусны прыпынак на вуліцы Прытыцкага ў Менску сілы ветру не вытрымаў. Паддаўся ёй і прыпынак у Лагойску. У Пінску вецер вырываў не толькі дрэвы з карэннем, але і лаўкі. А ў Смаргоні рэкламны банэр схіліўся амаль да зямлі.

Паводле Міністэрства энергетыкі, за апошнія содні энергазабеспячэнне парушылася ў 842 паселішчах.

Найбольш пацярпелі Бабруйскі, Пухавіцкі, Баранавіцкі, Гомельскі і Менскі раёны. Асноўная прычына адключэння электрычнасці – падзенне дрэваў і галінаў на электралініі.

Ратавальнікі пілуюць паваленае ветрам дрэва
Ратавальнікі пілуюць паваленае ветрам дрэва. Беларусь. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: МЧС Беларуси / Telegram

254. Столькі выпадкаў падзення дрэваў за нядзелю па ўсёй краіне зафіксавалі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. І як вынік – пашкоджаныя 22 аўтамабілі, 10 з іх – у сталіцы, і 9 жылых дамоў.

Прыродныя анамаліі ў свеце ўзнікаюць усё часцей. Днямі на паўднёвую Азію абрынуўся тайфун Саола з рэкорднымі ападкамі. У Індыі паводка забрала жыцці прынамсі 47 чалавек. Пра маштабы праблемы сведчыць новая справаздача ААН, яе прадставіла

Вэрэна Кнаўс з аддзелу міграцыі UNICEF:

«У сярэднім штодня 20 тысяч дзяцей мусяць пакідаць свае дамы з прычыны стыхійных бедстваў, звязаных з надворʼем. Або, іншымі словамі, менавіта такія бедствы, як трапічныя штормы, ураганы, паводкі, як у Пакістане, лясныя пажары, як нядаўна ў Канадзе, сталі прычынаю вымушанага перамяшчэння больш чым 43 мільёнаў дзяцей за апошнія 6 гадоў».

На змены клімату ўплывае шмат чыннікаў. Адзін з найважнейшых – дзейнасць чалавека. Паводле ж эколага Сержука Герасімовіча, антрапагенны фактар – не галоўны з тых, што ўплываюць на глабальную сітуацыю:

«Верасень сёлета быў самым цёплым за ўвесь перыяд назіранняў у свеце, але абяцаюць, што кастрычнік і асабліва лістапад, яны нават больш халоднымі стануць, чым звычайна. Гэта ўсё вынік гэтага кліматычнага феномену El Niño».

El Niño – цёплае цячэнне, якое з невядомых прычынаў узнікае ля берагоў Эквадору, Перу і Чылі. У выніку тэмпература вады ў Ціхім акіяне падвышаецца, мяняецца кірунак цячэння, а разам з ім і напрамак ветру. Паводле Сержука Герасімовіча, гэтая зʼява будзе прычынаю наступных прыродных анамаліяў, у тым ліку і ў Беларусі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»