Палестынска-ізраільская вайна набірае моц


Аперацыя «Жалезныя мячы», распачатая Арміяй абароны Ізраілю ў адказ на камбінаваную дыверсійную атаку групоўкі «Хамас», працягваецца. Да сённяшняй раніцы ізраільскае войска выгнала палестынскіх баевікоў з усіх паселішчаў блізу сектару Газа.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Брыгадны генерал Даніел Гагары запэўніў, што за мінулую ноч і раніцаю там былі асобныя выпадкі адзінкавых сутыкненняў. Паводле яго, за апошнія содні Армія абароны Ізраілю чатырма хвалямі авіяўдараў па сектары Газа атакавала больш за 800 цэляў. Усяго з пачатку вайны на Газу прыляцелі каля 2000 боепрыпасаў і больш за 1000 тонаў бомбаў. Паводле звестак Міністэрства здароўя Газы, на час рыхтавання сюжэту загінулі 560 чалавек і каля 3000 пацярпелі.

Звесткі ізраільскага боку: больш за 700 загінулых і 2382 параненыя. Цягам дня сірэны паветранай трывогі ўключаліся ў ізраільскіх паселішчах Ашдод, Ашкелён, Гуш-Дан, Іерусалім, Тэль-Авіў, Сдэрот, Халён, Рышон Ле-Цыён ды ў іншых.

Паводле ізраільскіх медыяў, 12 ракетаў прыляцелі па паўночным Ізраілі з боку Лівану. Ліванская шыіцкая групоўка «Хізбула» зняпраўдзіла гэтыя звесткі, але прыгразіла атакаваць амерыканскія пазіцыі на Блізкім Усходзе, калі Вашынгтон наўпрост умяшаецца ў канфлікт паміж Ізраілем і «Хамасам».

Міністр абароны ЗША Лойд Остын сёння паабяцаў вайсковую дапамогу Іерусаліму. Ідзецца пра дадатковыя перахопнікі для сістэмы «Жалезны купал». Такое ўзбраенне ізраільскай распрацоўкі вырабляюць у Амерыцы.

«Яны не патрэбныя проста цяпер. Яны ёсць, – патлумачыў ізраільскі вайсковы эксперт Сяргей Мігдаль. Але, відавочна, можна меркаваць, што будзе вялікая, вельмі крывавая вайна, вырашальная, у якой Ізраіль не збіраецца спыняцца да пераможнага канца. Да таго ж маецца на ўвазе пастаўка дадатковых бомбаў-пенетратараў. Яны патрэбныя для разбурэння тунэляў, падземных бункераў у Газе».

Сяргей Мігдаль не выключае, што наземны напад на Ізраіль палестынцы здзейснілі менавіта з дапамогаю сакрэтнага тунэлю. І ўвогуле, на ягоную думку, аперацыю «Бура Аль-Аксы» рыхтавалі прафесійна, старанна і ў рэжыме поўнай сакрэтнасці. А вось інтарэс Расеі ў гэтай агрэсіі вайсковы эксперт ацэньвае як малаімаверны.

«Галоўныя трэнаванні былі ў Іране. Там вучылі палестынскіх інструктараў. А тыя пасля ўкаранялі ўсе віды баявых прыёмаў ды сучаснай зброі ў Газе. Гэтым займаўся акурат Іран. Дзеля гэтага ўласна Расея не патрэбная».

Горад Сдэрот недалёка ад мяжы з сектарам Газа. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Israel Defense Forces

Усё пачалося ў суботу, у свята Сімхат-Тора. Зранку на ізраільскія гарады і кібуцы паляцелі ракеты, а на танцавальны фэст «Nature Party» недалёка ад Афакіму на мяжы з сектарам Газа наляцелі ўзброеныя людзі. Яны стралялі ва ўсе бакі, не разбіраючыся. Схавацца ў пустэльні было амаль немагчыма. Гілі Ёскавіч была на тым фэсце і сёння згадвае яго з жахам:

«Гэта цягнулася тры гадзіны, але ніхто з ізраільскай службы бяспекі так і не з’явіўся, нікога. Паліцыянты, якія дзяжурылі на вечарыне, засталіся ў іншым баку. Я была ўпэўненая, што неўзабаве прыйдзе армія, я чула шум нейкіх верталётаў і думала, што салдаты спусцяцца па вяроўках, прыйдуць на гэтае поле і выратуюць нас. Але там нікога не было, толькі ўсе гэтыя тэрарысты».

Баевікі забівалі дзяўчат і хлопцаў. У ваколіцах знайшлі, паводле сённяшніх звестак, каля 240 целаў.

Вайскова-палітычны кабінет Ізраілю сфармуляваў галоўную мэту аперацыі: нанесці ХАМАС такі ўдар, каб групоўка ўжо ніколі не здолела акрыяць. Ізраіль сёння абвясціў поўную блакаду Газы і спыніў падачу вады ў сектар.

Еўразвяз прыпыніў фінансаванне рэжыму Палестынскай аўтаноміі на суму каля 700 мільёнаў еўраў. Заўтра міністры замежных справаў Еўразвязу збяруцца на экстраную нараду аб сітуацыі на Блізкім Усходзе. На ўчорашнім пасяджэнні Рады бяспекі ААН на тую ж тэму ніякага развязання знайсці не здолелі.

Марына Яновіч, «Белсат»