Прапаганда «адмывае» рэпутацыю Беларускага Чырвонага Крыжа


Кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова пераабралі на пасаду. Хаця Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца рабіць гэтага не рэкамендавала. Шаўцоў скандальна вядомы сваёй паездкаю на Данбас, суўдзелам у вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны, падтрыманнем расейскай агрэсіі ды заклікам ужыць ядравую зброю. Але дзяржаўная прапаганда кінулася яго бараніць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прапаганда кінулася адбельваць рэпутацыю кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа. Дзмітрый Шаўцоў ездзіў на Данбас, насіў сімвал расейскай агрэсіі, прызнаваўся ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь. Сюжэт выйшаў пасля пераабрання Шаўцова кіраўніком Беларускага Чырвонага Крыжа. Міжнародная федэрацыя пераабіраць яго не рэкамендавала, кажуць прапагандысты. І кідаюцца на яе з абвінавачаннямі: маўляў, яе прадстаўнікі не прыехалі дапамагчы Данбасу.

«Тут у першую чаргу, імаверна, трэба выказваць прэтэнзіі расейскаму боку, які можа даць доступ камітэту Чырвонага Крыжа на акупаваныя тэрыторыі. Але тэрыторыя, дзе Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа мае ажыццяўляць сваю дзейнасць, – гэта Рэспубліка Беларусь», – тлумачыць на ўмовах ананімнасці спецыяліст у сферы міжнароднага гуманітарнага права.

Дый у Беларусі арганізацыя адзначылася не толькі дапамогаю тым, хто ў патрэбе. Яе кіраўнік Шаўцоў быў дэпутатам падкантрольнага Лукашэнку парламенту, трапіў у чорныя спісы краінаў Балтыі за ўдзел у фальсіфікацыі выбараў 2020 года. Выступаў за выкарыстанне ядравай зброі.

«Два галоўныя прынцыпы ў дачыненні да руху Чырвонага Крыжа парушаюцца: незалежнасць Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ад дзяржавы – гэта першы, і другі – нейтральнасць», – тлумачыць эксперт у сферы міжнароднага гуманітарнага права.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.
Фота: sb.by

Чаму дзяржаўныя медыі нарэшце вырашылі адказаць на крытыку ў бок Шаўцова?

«Дзяржаўную лінію ён праводзіў і калі кіраваў Чырвоным Крыжам у Беларусі, і калі рабіў гэтыя дзеянні на Данбасе. І таму для іх гэта – абарона лініі кіроўнага рэжыму, і яны гэта робяць паслядоўна», – мяркуе медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Прызнанне, што Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа ад Шаўцова не ў захапленні, – свядомы крок прапаганды, мяркуе медыяэксперт.

«Яны могуць ісці на апярэджанне, каб гэта не было схаваным фактам, якім можна кампраметаваць спадара Шаўцова. Тут яны выступаюць як тыя, хто не хавае факты, а проста па-свойму іх інтэрпрэтуе», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Афіцыйнай рэакцыі Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца на пераабранне Шаўцова на час рыхтавання гэтага сюжэту яшчэ не было. Украінскае ж таварыства яшчэ ў ліпені заклікала выключыць сваіх беларускіх калегаў з міжнароднага руху Чырвонага Крыжа.

Валянцін Васіленка, «Белсат»