Як правільна данесці на сябе і сваіх дзяцей


Міністэрства ўнутраных справаў выпусціла інструкцыю для беларусаў, як правільна паведамляць пра сябе самых. Грамадзянаў абавязваюць дасылаць міліцыянтам ці дыпламатам копіі сваіх пашпартоў, відаў на жыхарства і іншых дакументаў, атрыманых ад іншых дзяржаваў. «Белсат» распытаў экспертаў, ці варта гэта рабіць і чым небяспечны самаданос.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Атрымаў яшчэ адзін пашпарт ці від на жыхарства не ў Беларусі? А можа, маеш карту паляка – дакументальнае пацверджанне тваіх польскіх каранёў? Мусіш паведаміць у органы. Адпаведную інструкцыю апублікавалі сёння на Нацыянальны прававым партале сумесна міністэрствы ўнутраных і замежных справаў. Гэткі абавязак з’явіўся ў абноўленым законе аб грамадзянстве, які таксама дае права чыноўнікам адбіраць беларускае грамадзянства.

«Важны не сам факт нейкага патрабавання ў законе, а тое, як гэтай інфармацыяй могуць скарыстацца нелегітымныя ўлады і рэпрэсіўныя механізмы Аляксандра Лукашэнкі. Як мінімум, гэта стварэнне базы нелаяльных асобаў. Бо калі чалавек мае замежныя дакументы, то ён ездзіць за мяжу, бачыць, як развіваецца цывілізаваны свет», – тлумачыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Паводле міліцэйскай інструкцыі, грамадзяне Беларусі мусяць дасылаць інфармацыю і копіі праз дзяржаўны адзіны партал электронных паслугаў «platform.gov.by» – але ён не адкрываецца з-за мяжы. Таксама можна паспрабаваць Рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў на старонцы «обращения.бел», даслаць е-мэйл у Міністэрства замежных справаў ці папяровы ліст поштай.

Або самому данесці запоўненае паведамленне на сябе і сваіх дзяцей у міліцыю ці амбасаду, разам з копіяй дакументу, выдадзенага іншай дзяржавай. Хто так не зробіць – таму будзе… нічога!

«Калі актыўнасць грамадзян будзе не вельмі вялікая, МЗС унясе адпаведныя прапановы, каб стымуляваць грамадзян скіроўваць у наш адрас адпаведныя паведамленні. Або ўвядзеннем адпаведнай адказнасці, або кантрольнымі мерапрыемствамі адносна грамадзян, якія маюць адпаведныя дакументы», – заявіў на адмысловай прэс-канферэнцыі начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі пашпарт і ВНЖ Літвы.
Фота: Zerkalo.io

Пакуль няма ніякай адказнасці, не спяшайцеся бегчы з дакументамі выконваць гэтыя патрабаванні, папярэджвае юрыст Арцём Праскаловіч:

«Іншая справа, што на практыцы могуць быць сітуацыі на мяжы: дайце дакумент – не дам – “непадпарадкаванне законным патрабаванням”, то бок да адказнасці могуць прыцягваць праз іншыя артыкулы. Таму я заклікаю максімальна забяспечыць сябе, не ўваходзіць у адкрыты канфлікт».

Адказнасці няма, бо рэпрэсіўная палітыка адносна беларусаў, што ездзяць за мяжу, за апошнія 3 гады прынесла не эканомію, а страты, тлумачыць доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч:

«Многія людзі, што працуюць за мяжой, пачалі разглядаць варыянты поўнай эміграцыі, пачалі разглядаць магчымасць, ці варта ўвогуле разарваць усе сувязі з краінай».

З той жа прычыны, наведваючы памежжа з Польшчай, Аляксандр Лукашэнка загадаў акуратней разбірацца з уладальнікамі картаў паляка, каб не перагнуць палку.

«Ясна, што вышэйшы эшалон хутчэй зробіць выбар на карысць лаяльнасці гэтай уладзе. А сярэдняе звяно, ніжэйшае звяно, дзеці чыноўнікаў, якія традыцыйна бралі гэтыя карты палякаў, яны могуць сысці», – прагназуе варыянт развіцця падзеяў дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Яшчэ летась з падачы Лукашэнкі дзяржаўныя прапагандысты прапаноўвалі абмежаваць у правах уладальнікаў карты паляка. А сёлета ў Лідзе ў бюджэтных установах ад працаўнікоў патрабавалі адмовіцца ад дакументу і напісаць адпаведны ліст у польскую амбасаду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»