Украіна перажыла чарговы ракетны абстрэл 


Чарговы моцны ракетны ўдар нанеслі расейцы па Украіне сёння зранку. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны паведаміў, што расейскае войска выкарыстала 59 сродкаў паветранага нападу: дроны «Шагэд» і ракеты розных тыпаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паветраную трывогу абвясцілі ва ўсёй краіне. Асабліва пацярпелі ад абстрэлаў Запарожжа, Харкаўская ды Днепрапятроўская вобласці, а таксама Крывы Рог. У шпіталь Новамаскоўску Днепрапятроўскай вобласці даставілі 19 параненых, сярод якіх – 5 дзяцей. Сотні кіяўлянаў мусілі хавацца ў метро падчас паветранае трывогі. У горадзе Зміеве на Харкаўшчыне расейская ракета трапіла ў жылыя дамы, людзі апынуліся пад заваламі. У Крывым Рагу пад абстрэл трапіў гандлёвы цэнтр і больш як дваццаць жылых дамоў. У дзвюх больніцах выбіла шыбы.

Усё гэта адбываецца ў маразы, што прыйшлі ва Украіну з паўночнае Еўропы. Ускладняюць сітуацыю снег ды ледзяныя дажджы. У Крывым Рагу частка жыхароў засталася без электразабеспячэння, спыніліся тралейбусы і трамваі.

Тыя ж праблемы і ў Запарожжы – у дадатак да абстрэлу.

«Мы пачулі першы выбух, зусім побач, – распавядае мясцовая жыхарка Кацярына Сімчак. – Потым было яшчэ 5, можа, 6. Мама пайшла на працу, мы пачалі ёй тэлефанаваць, але яна не адказвала. На шчасце, усё было добра. Мы жывыя, і гэта добра!»

Тым больш важнаю выглядае пастанова Японіі перадаць Украіне партыю буйнагабарытнага энергаабсталявання: 7 высакавольтных аўтатрансфарматараў і 5 газавых турбінаў. Пра гэта абвясціла міністарка замежных справаў Японіі Ёка Камікава. Яна адзначыла, што дапамога Украіне не абмяжуецца энергетыкаю:

«Японія пастанавіла вылучыць яшчэ трыццаць сем мільёнаў долараў у Мэтавы фонд NATO на забеспячэнне яшчэ і такім абсталяваннем, як сістэма выяўлення беспілотнікаў».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з японскаю міністаркаю падзякаваў за дапамогу і падкрэсліў трывала высокі ўзровень партнёрства паміж дзвюма краінамі.

ukraina wojna ostrzal atak z powietrza kijow policja
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вынікі ракетнага ўдару па Дняпры, 29 снежня.
Фота: dnipropetrovskaODA / Telegram

«Мы абмеркавалі нашыя далейшыя ўзаемныя дзеянні. У тым ліку – канферэнцыю на тэму адбудовы Украіны, запланаваную на люты. Ішлося таксама пра нашыя далейшыя супольныя крокі ў справе бяспекі і пра намаганні, датычныя формулы міру і ўзмацнення санкцыяў супраць Расеі».

А між тым Расея чарговы раз «памылілася» з бамбаваннем. Расейская авіябомба звалілася на горад Рубежнае ў самаабвешчанай ЛНР. Сцвярджаюць, што абышлося без наступстваў. Днямі гэтак жа здарылася ў вёсцы Петрапаўлаўка Варонежскай вобласці – там разбураныя дамы і пацярпелі чацвёра жыхароў.

Гэтым ранкам Папа Рымскі Францішак зноў заклікаў усіх, хто цяпер ваюе, спыніць агонь. Сітуацыю на планеце ён назваў «трэцяй сусветнай вайною, што вядзецца часткамі». Паводле Пантыфіка, нельга дапусціць, каб працягваўся канфлікт, што стварае метастазы і шкодзіць мільёнам людзей. Неабходна спыніць гэтую трагедыю шляхам перамоваў, паважаючы міжнароднае права.

Папа Францішак таксама ўказаў на амаральнасць вытворчасці ядравай зброі і валодання ёю.

Марына Яновіч, «Белсат»