15 гадоў таму не стала праваабаронцы Яны Паляковай. Як даць рады і выстаяць у часе рэпрэсіяў?


Пятнаццаць гадоў таму з жыцця пайшла праваабаронца з Салігорску Яна Палякова. Жанчына зазнала ціск з боку сілавікоў, крымінальны пераслед і цкаванне за свае погляды. У выніку – самагубства. У той час палітычны пераслед яшчэ не быў такою масаваю з’явай, як цяпер. Як выстаяць у часе рэпрэсіяў і захаваць сябе?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не вытрымала ціску з боку міліцыі і скончыла жыццё самагубствам. Праваабаронца і юрыстка Яна Палякова павесілася ў сваёй кватэры ў Салігорску. Трагедыя адбылася роўна 15 гадоў таму.

«Яна Палякова была прадстаўніцай апазіцыі, яе выклікалі ў мясцовую міліцыю, там збілі, прычым збівалі трое супрацоўнікаў міліцыі. Былі знятыя пабоі, сведкі былі», – узгадвае прадстаўнік руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Але вінаватай тагачасныя міліцыянты зрабілі самую Палякову. На жанчыну завялі крымінальную справу нібыта за паклёп на міліцыянта і пакаралі двума з паловаю гадамі «хіміі».

«Калі сёння столькі людзей асуджаецца і гэта становіцца нормай, то не так жудасна, што цябе асудзілі. Тады ж яна адчувала, што ўсё… Як гэта, яе асудзілі, яе – такога сумленнага чалавека? Ну вось за што? Яна не магла гэтага прыняць і не змагла гэтага прыняць», – тлумачыць знаёмая Яны, праваабаронца Эніра Браніцкая.

Яна Палякова кансультавала жыхароў Салігорску не столькі ў палітычных, колькі ў побытавых пытаннях, напрыклад, наконт правоў работнікаў або спадчыны. Аднак увагу сілавікоў, як лічыць Эніра Браніцкая, яна прыцягнула да сябе іншым:

«Менавіта тады былі яшчэ парламенцкія выбары, і яна працавала ў камандзе Вольгі Казулінай. І менавіта з гэтага пачаўся ціск на Яну, яе запрасілі ў міліцыю. І таксама дзіўна: яны прасілі, каб яна напісала паперу, што яна не збірала подпісаў. Гэта такі абсурд».

Пасля смерці Яны ейныя калегі дамагаліся адкрыцця крымінальнай справы за «давядзенне да самагубства», спрабавалі абскардзіць ейны абвінаваўчы прысуд. Але ўсё марна.

Пахаванне Яны Паляковай у Салігорску.
Фота: Радыё Свабода

«Менавіта праз сілавыя структуры часцяком праводзіцца цкаванне і, натуральна, шмат хто быў збіты за гэтыя гады дыктатуры», – кажа Вячаслаў Сіўчык.

Палітычны пераслед за сваю дзейнасць пасля 2020 года зазналі тысячы беларусаў. І, несумненна, не ўсе былі да гэтага гатовыя. Самагубствам скончылі жыццё прынамсі двое палітвязняў: 43-гадовы Дзмітрый Дудойць падчас адбыцця «хіміі» ў Магілёве і 19-гадовы Кірыл Шчаглоў ужо пасля вызвалення ў Горадні.

«Думкі пра суіцыд у чалавека фармуюцца паступова, гэта адбываецца не за адзін і не за два дні. І гэтыя думкі прыходзяць, калі чалавек унутры сябе мае напружанасць, мае ўнутраны канфлікт, і ён не можа знайсці іншага выйсця», – зазначае псіхолаг Вольга Вялічка.

Несвабода – гэта цяжкае выпрабаванне для кожнага чалавека, дадаткова абцяжарваюць несправядлівасць судовага выраку і асабістыя абставіны.

«Ёсць людзі, для якіх былі нечаканыя іх тэрміны, ёсць людзі, да якіх прыходзяць дрэнныя лісты так званыя. Калі, напрыклад, жонка піша пра развод або нехта памёр са сваякоў, там маці, тата – і гэта вельмі цяжкі псіхалагічны стан. За гэтымі людзьмі асаблівы дагляд патрэбны, бо яны могуць зрабіць усё што заўгодна», – дзеліцца сваім досведам прэс-сакратар «BELPOL», блогер каналу «Народный репортёр» Аляксандр Кабанаў.

Дзеля развязання псіхалагічных праблемаў, у тым ліку суіцыдальнага характару, ува ўсіх папраўчых установах існуюць псіхолагі, але не ўсе зняволеныя да іх звяртаюцца. Прычына банальная – недавер да лукашэнкаўскай сістэмы.

«Псіхолагі абавязаныя, так і раней было, а зараз яно так яскрава падкрэсліваецца, на запыт міліцыі або іншых супрацоўнікаў сілавых структураў выдаваць звесткі, якія маюць таямніцу. Тут гэта людзей стрымлівае, гэта першае. І другое, што ў нас культура звяртання да псіхалагічнай дапамогі – яна толькі фармуецца», – тлумачыць псіхолаг Вольга Вялічка.

Рэзаць вены, ускрываць жывот ці скакаць з вышыні палітвязні могуць і без суіцыдальных думак, а толькі з мэтаю змяніць невыносныя ўмовы ўтрымання. Гэтак, Ігар Лосік парэзаў сабе рукі і шыю, Сцяпан Латыпаў уваткнуў асадку ў горла, а Уладзімір Іпатаў выкінуўся з акна. Усе яны засталіся жывымі і працягваюць адбываць палітычныя прысуды.

Аліна Скрабунова, «Белсат»