Што вядома пра спробу суіцыду Ігара Лосіка?


Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік пасля доўгага галадавання парэзаў сабе рукі і шыю. Палітвязня выратавалі, цяпер ён у медсанчастцы. Бацька і адвакат журналіста збіраліся паехаць у калонію. Пакуль вядома, што апошні раз Ігар Лосік бачыў адваката месяц таму, столькі ж ён не атрымлівае лістоў ад бацькоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У дадзеным выпадку мы не можам меркаваць, маючы толькі тую інфармацыю, ці была гэта сапраўды спроба самагубства, ці гэта дзеянні нейкія такія ад адчаю, скіраваныя на прыцягненне ўвагі да таго становішча, у якім чалавек», – лічыць праваабаронца Васіль Завадскі.

Ігар Лосік прысуджаны да 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта арганізацыю масавых пратэстаў. На знак пратэсту журналіст ужо некалькі разоў абвяшчаў галадоўку. А ў 2021 годзе спрабаваў перацяць сабе жылы проста перад адвакатам і следчым.

Зазвычай палітзняволеныя робяць спробу суіцыду на знак пратэсту. Палітвязень Сцяпан Латыпаў, абаронца гэтак званай плошчы Пераменаў, проста ў судзе ўваткнуў асадку сабе ў горла. Перад гэтым распавёў, што яго збівалі, каб дамагчыся прызнання віны. Гэтага палітвязень не зрабіў. Жыццё яму выратавалі. Пазней мужчына глытаў лязо і рэзаў вены на руцэ.

Палітык Павел Севярынец ускрываў сабе вены на знак пратэсту супраць катаванняў над палітвязнямі.

Блогер і паплечнік Сяргея Ціханоўскага Аляксандр Кабанаў, калі быў за кратамі, зрабіў на кожнай руцэ пяць парэзаў ад локця да запясця. Наклалі 68 швоў. Палітвязню не перадавалі пасылак, забралі акуляры, таму ён абвясціў галадаванне, за што мужчыну кінулі ў ШІЗА.

«Дзе няма ацяплення, нічога. Кладуць на нары, якія пад акном, якое адкрытае. Потым пачынаеш разумець, што рэальная пагроза здароўю: і псіхічнаму, і фізічнаму. І якія варыянты? Размаўляць ні з кім бессэнсоўна. Вось і было такое рашэнне прынятае», – тлумачыць матывацыю блогер, былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

Хоць хірург хацеў пакінуць Аляксандра Кабанава яшчэ на 3–4 дні ў шпіталі, мужчыну адразу пасля накладання швоў прывезлі ў камеру. Але праз гадзіну перавялі ў ацепленую.

«Адзін з супрацоўнікаў у прысутнасці іншых супрацоўнікаў адміністрацыі (мабыць, ён ведае, пры кім можна пра гэта наогул казаць) падышоў і сказаў, што ты зрабіў сапраўдны мужчынскі ўчынак. Тут па-іншаму нельга. Для іх ужо ёсць разуменне, што нейкія моманты са мной не пракоцяць. Я буду гатовы далей нешта… І таму нейкага трэшаку з іх боку ўжо няма», – распавядае Аляксандр Кабанаў.

Вены рэзаў і паплечнік Аляксандра Кабанава Сяргей Пятрухін, пратэставаў супраць антысанітарыі ў камеры. Яго пасадзілі ў карцар.

Каб змагацца за свае правы, таксама глытаюць асадкі, бітыя лямпачкі, металічныя прадметы, напрыклад лыжкі, цвікі, лязо. Часта да патрабаванняў, якія адміністрацыя выканаць можа, прыслухоўваюцца. Калі ж палітвязень пратэстуе супраць меры ўтрымання, прысуду – змены наўрад ці адбудуцца. Але жыццё ў любым выпадку ратаваць будуць, лічыць Васіль Завадскі:

«Ніхто не жадае, даруйце, шмат папераў потым афармляць. Ну і тое, што гэтыя дзеянні асабліва прыцягнуць увагу. Так ці інакш найчасцей яны становяцца вядомыя па-за межамі ўстановы. А нікому такая «папулярнасць” непатрэбная. Але я ўсё ж такі аптыміст і лічу, што найперш гэта звычайнае чалавечае стаўленне».

Неадкладна вызваліць Ігара Лосіка патрабуе Міністэрства замежных справаў Літвы. Амбасада ЗША ў Менску таксама адрэагавала на інфармацыю пра спробу суіцыду. Заявіла, што палітычныя вязні – не абстрактная праблема, і пажадала здароўя і сілаў Ігару Лосіку ды іншым палітвязням у Беларусі.

За кратамі цяпер і жонка Ігара Лосіка. Дар’і Лосік далі 2 гады за інтэрвʼю пра мужа нашаму тэлеканалу. Заўтра ў Менску будуць разглядаць апеляцыю на прысуд. А таксама споўніцца 1000 дзён, як Ігар Лосік застаецца за кратамі. Чатырохгадоваю дачкою сужэнцаў апякуюцца бабулі з дзядулямі.

Яна Шэк, «Белсат»