Масавы мор кароў на фермах Беларусі не спыняецца


Больш за 35 тысячаў кароў памерла за два мінулыя гады ў гаспадарках толькі Менскай вобласці. Становішча ў іншых рэгіёнах краіны не адрозніваецца ў лепшы бок. Не дапамагаюць шматлікія пракурорскія правяранні і сотні крымінальных справаў. Сапраўдныя ж прычыны падзяжу жывёлы рэжым ігнаруе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Масавы мор быдла ў Беларусі. Лік ідзе на дзясяткі тысячаў. Летась у Менскай вобласці мор перавысіў 17 тысяч галоваў. У 2022 годзе лік быў на 1000 большы. Скарачэнне смерцяў пракуратура падае як сваё дасягненне.

«На сёння з’явіліся дадатныя тэндэнцыі, звязаныя з падзяжом буйной рагатай жывёлы. Гэта вынік двухгадовай працы ўсяго праваахоўнага блоку і органаў улады і кіравання», – зазначае генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Пазалетась, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, па краіне завялі 480 крымінальных справаў, звязаных з утойваннем мору. На дзень 1-га снежня 2023 года – 205. Эфектыўнасць такой працы сілавікоў эксперты ставяць пад пытанне.

Як зазначае Уладзімір Жыгар, прадстаўнік «BELPOL»:

«Гэта людзі, якія лезуць у тое, чаго не разумеюць. Яны выконваюць загад. Яны не могуць сказаць кіраўніцтву альбо іншаму чыноўніку, маўляў, мы гэтага рабіць не будзем, гэта не ўваходзіць у нашую кампетэнцыю».

У Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці летась у лістападзе пагалоўе скарацілася на 4 тысячы. Гэта на 2500 больш як у 2022 г. Як сведчаць відэа ў сацыяльных сетках на гэтым тыдні, мор працягваецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Карова.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Пракуратура называе прычынамі парушэнні ў тэхналогіі ўтрымання і кармлення. Але што прывяло да такога становішча?

адмысловец у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў лічыць так:

«У нас, на жаль, структура Савецкага Саюзу засталася. Лукашэнку яна блізкая да сэрца, ён іншага не ўспрымае, у яго іншыя структуры не ўкладваюцца ў галаве. Таму ўсе змушаныя падладжвацца пад тое, што ў яго засталося яшчэ тамака 40 гадоў таму ад калгасу. І вось такія ж калгасы і выбудоўваюцца».

Не стае на фермах і кваліфікаваных працаўнікоў. І гэта датычыць адмыслоўцаў усіх узроўняў. Што таксама прыводзіць да падзяжу жывёлы.

Пасля памятнага візіту Лукашэнкі ў аграхолдынг «Купалаўскае» пасады міністра сельскай гаспадаркі пазбавіўся Леанід Заяц. Праўда, застаўся ў складзе чыноўнікаў – да 2022 года кіраваў Магілёўскім аблвыканкамам. А пасля зноў вярнуўся да сельскагаспадарчай галіны – апекаваўся ёй як віцэ-прэмʼер.

«Адсутнічае фінансаванне, нармальнае забеспячэнне прадпрыемстваў, саўгасаў, калгасаў. Людзі робяць немагчымае ў тых умовах. Але нікога гэта не турбуе, бо караць тых, хто вышэй, па вялікім рахунку забаронена», – зазначае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Адказнасць ускладаюць на адмыслоўцаў ніжэйшага ўзроўню. Гэтак, летась у лістападзе з галоўнага ветэрынара і брыгадзіра сельскагаспадарчага прадпрыемства на Слонімшчыне пракуратура запатрабавала спагнаць больш за 60 тысячаў рублёў. Менавіта гэтых адмыслоўцаў прызначылі вінаватымі ў моры 43 галоваў быдла.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»