Ціханоўская просіць Італію памагчы беларускім ваярам ЗСУ


Прызнайце рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму. З такой прапановай абраная прэзідэнтка Беларусі наведала з працоўным візітам Італію – адну з наймацнейшых у эканоміцы і палітыцы краінаў свету. Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Італіі, папрасіла афіцыйны Рым дапамагчы беларускім добраахвотнікам, што ваююць за Украіну, і перадаць замарожаныя актывы лукашэнкаўцаў на дапамогу палітвязням.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нашыя людзі ў Вечным Горадзе. Святлана Ціханоўская працягвае свой працоўны візіт у Рым. Як абраную прэзідэнтку Беларусі яе прынялі ў італьянскім Сенаце і ў ніжняй палаце парламенту.

«З аднаго боку, мы хочам ціснуць на рэжым Лукашэнкі так моцна, як толькі магчыма, знутры краіны і звонку. Будуем сетку валанцёраў і актывістаў у падполлі і спрыяем эканамічнаму ды палітычнаму ціску з-за мяжы. З іншага боку, намагаемся падтрымліваць людзей у Беларусі», – заявіла італьянскім парламентарыям Святлана Ціханоўская.

Галоўная мэта візіту – вярнуць Беларусь у палітычную павестку дня Італіі, каб пра нас не забыліся і не прыпісвалі да Расеі. Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Італіі Антоньё Таяні, які ва ўрадзе з’яўляецца і віцэ-прэм’ерам.

«Мы дамовіліся з Італіяй пра некалькі дыпламатычных крокаў. Яны не будуць пасылаць амбасадара ў Менск. Гэта вельмі важна. У Еўразвязе толькі Вугоршчына даслала амбасадара. Астатнія абмяжоўваюцца Сhargé d’affaires. Гэта знак непрызнання Лукашэнкі», – распавёў «Белсату» старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Замест амбасадара будзе часовы павераны – раней гэтаксама зрабіла і Нямеччына. Атрымалася дамовіцца і па іншым важным пытанні: каб Італія працягнула выдаваць візы беларусам. Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам і віцэ-спікерам італьянскага парламенту і шэрагам уплывовых заканадаўцаў. У Рыме ўжо існуе парламенцкая група дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь», падобна як у Вярхоўнай Радзе Украіны.

«Беларусы цяпер – народ без уласнае краіны. Лукашэнка скраў нашую дзяржаву. Таму мы мусім быць крэатыўнымі і вынаходлівымі, каб змагацца супраць гэтага рэжыму, але таксама мусім будаваць інстытуты ў выгнанні, каб у адпаведны момант перанесці іх у Беларусь», – патлумачыла Святлана Ціханоўская.

Падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў Італіі Антоньё Таяні.
Фота: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі, тактычная ядравая зброя і справа Яўгенія Прыгожына – пра гэта пайшла размова на парламенцкім Камітэце замежных справаў і абароны.

«Паколькі тут, у Італіі, “Вагнэр” прызнаны крымінальнай арганізацыяй, то Лукашэнку можна абвінаваціць у тым, што ён спрыяе крымінальнай тэрарыстычнай дзейнасці “Вагнэра”. І для італьянцаў гэта таксама важная, балючая тэма, за якую яны падчас сустрэчы чапляліся і якую хацелі развіваць», – падкрэсліў Франак Вячорка.

Італія геаграфічна далёка, але мае падобныя выклікі, што і Ўсходняя Еўропа. Святлана Ціханоўская не магла сустрэцца з італьянскай прэмʼер-міністрам, бо тая цяпер якраз была ў нашым рэгіёне. Джорджа Мэлёні са сваім польскім калегам Матэўшам Маравецкім знайшла агульнае бачанне праблемы міграцыйных крызісаў.

«Еўропа мусіць кантраляваць свае вонкавыя межы. Я магу пагадзіцца з чым-кольвек, што дапамагае кантраляваць нелегальную міграцыю і спрыяе легальнай міграцыі. І гэта розныя інструменты, якіх мы патрабуем, у залежнасці ад межаў, якія мы маем», – заявіла ў чацвер Джорджа Мэлёні.

Наперадзе – сустрэчы Святланы Ціханоўскай з лідарамі палітычных партыяў, з прадстаўнікамі прафсаюзаў, і з беларускай дыяспарай. Візіт, што працягнецца да вечара пятніцы, мае важнае значэнне і на будучыню. Італія не проста адна з наймацнейшых эканомік Еўропы – у наступным годзе яна будзе старшынстваваць у Вялікай Сямёрцы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»