Кахоўскай ГЭС больш няма: Кіеў і Масква ўскладаюць адказнасць адно на аднога


Плаціна Кахоўскае ГЭС і сама электрастанцыя – разбураныя. Вада наступае на ўкраінскія гарады і вёскі. Гэта адбылося ў выніку падрыву ўначы шостага чэрвеня. Памеры разбурэнняў дамбы сталі бачныя толькі раніцай. Блізу адзінаццатай гадзіны кіеўскага часу Кахоўская ГЭС цалкам апынулася пад вадою.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У выніку падрыву машыннай залы знутры Кахоўская ГЭС цалкам разбураная. Станцыя аднаўленню не падлягае», – паведамляе «Укргідроенерго».

Пад ваду пайшла не толькі Кахоўская ГЭС, але і прылеглыя тэрыторыі. Станам на пятнаццатую гадзіну Кіеў паведаміў пра дваццаць чатыры падтопленыя населеныя пункты.

«Максімальны пік уздыму – гэта 14 гадзін. Вада працягвае прыбываць і ўсе, хто знаходзяцца ў зоне падтаплення, павінныя пакінуць гэтую тэрыторыю чым хутчэй тым лепш», – папярэджвае дарадца мэра Херсону Раман Галаўня.

Наймацней пацярпеў левы, ніжэйшы бераг Дняпра, акупаваны цяпер расейскімі войскамі. Так, цалкам затопленая Новая Кахоўка, у цэнтры якой плаваюць лебедзі. Пад ваду, разам са звярамі, пайшоў мясцовы заапарк «Казачная дуброва». Відаць, многія жывёліны загінулі. Зрэшты, кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда не бачыць асаблівых праблемаў у надыходзе вады:

«Гэта ніякім чынам не адаб’ецца на жыцці Херсонскай вобласці. Нават эвакуацыя не спатрэбіцца, таму што жыхары знаходзяцца на сваіх месцах і аўтобусы якія ім накіравалі – не выкарыстоўваюць».

Аднак, паводле інфармацыі ўкраінскіх уладаў, на акупаваных тэрыторыях застаюцца дваццаць пяць тысяч асобаў, якія маюць патрэбу ў эвакуацыі. Дарадца мэра Херсону раіць ім не разлічваць на дапамогу расейскіх уладаў:

«Яны не маглі арганізаваць элементарныя рэчы: медычную або гуманітарную дапамогу. У такой сітуацыі першае, што яны будуць рабіць, – ратавацца. Ну, а людзі будуць кінутыя на волю лёсу. Таму, на жаль, тым асобам, якія знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі, трэба максімальна зважаць толькі на сябе».

Украінскія ратавальнікі падчас ліквідацыі наступстваў падрыву Кахоўскай ГЭС. Херсонская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Telegram

На падкантрольнай Кіеву тэрыторыі з затопленых мясцінаў, паводле агульных падлікаў, давядзецца вывезці блізу сямнаццаці тысяч асобаў. Прычым украінскія службы ратуюць не толькі людзей, але і хатніх гадаванцаў ды дзікіх жывёлінаў.

Ускладняецца выратавальная аперацыя абстрэламі з расейскага боку.

«Вельмі моцныя абстрэлы. Вельмі, – кажа па тэлефоне валанцёр з Херсона Андрэй Кісялёў. – Вось цяпер вы можаце іх чуць. Я сам раненне атрымаў, я ведаю. Апошнім часам абстрэлы пачасціліся».

Яшчэ адной небяспекай сталіся міны, у вялікай колькасці размешчаныя расейскімі вайскоўцамі на левым беразе на выпадак украінскага контрнаступу. Вада вымывае іх з грунту і пераносіць цячэннем. Некаторыя выбухаюць.

Хто менавіта знішчыў Кахоўскую ГЭС, дагэтуль дакладна не вядома. Кіеў і Масква ўскладаюць адказнасць адно на аднога.

«Няма ў Украіны такой зброі, якая можа гэтую дамбу разбурыць. Такога роду разбурэнні можна выклікаць толькі падрывам дамбы з дапамогай вялікага колькасці закладзенай выбухоўкі. Відавочна, так і было зроблена», – мяркуе вайсковы эксперт, аўтар тэлеграм-каналу «Peacemaker» Сяргей Мігдаль.

Станам на 19-ю гадзіну вада з Дняпра працягвае прыбываць праз рэшткі дамбы. На думку экспертаў, яе адыход можа заняць да трох дзён.

Ян Федаровіч, «Белсат»