Як рэжым Лукашэнкі паказвае сітуацыю з гвалтам у Беларусі?


А вось яшчэ адзін жудасны прыклад ґвалту, ужо з Беларусі. 32-ухгадоваму гомельцу прысудзілі 7 гадоў калоніі за катаванне цяжарнай сужыхаркі. Мужчына пад уздзеяннем алкаголю нанёс ёй не менш за 19 удараў нажом. Жанчына выжыла, але цяжарнасць была вымушаная перарваць. Аб праблеме гвалту ў Беларусі апавядзём у наступным матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Досвед, які немагчыма забыць. Пасля смерці беларускі Лізаветы ад рук гвалтаўніка ў Варшаве жанчыны пачалі дзяліцца ў сеціве асабістымі гісторыямі пад гэштэгам «хопіць гвалціць». Аднак сярод каментароў спачування і заклікаў развязваць праблему ґвалту знайшліся і тыя, хто досыць скептычна паставіўся да такога флэш-мобу. Маўляў, публікацыямі нічога не зменіш. А жанчынам раілі змяняць найперш свае паводзіны.

«Проста ў нас няма культуры і нават, здаецца, мовы, як пра гэта казаць. А тэма гэта такая складаная яшчэ з-за таго, у тым ліку, што звязаная з такім вельмі-вельмі складаным пачуццём – сорамам», – патлумачыла псіхолаг Наталля Скібская.

Дзяржаўная прапаганда таксама адрэагавала на трагедыю ў Варшаве. У праўладных тэлеграм-каналах публікавалі асабістыя звесткі памерлай дзяўчыны. А гэта ўжо не толькі парушэнне журналісцкіх стандартаў, але і этыкі. У смерці Лізы прапагандысты абвінавацілі дэмакратычныя сілы і асабіста Святлану Ціханоўскую, якія нібыта завабілі дзяўчыну ў Польшчу.

У набліжаным да ГУБАЗіКу тэлеграм-канале пісалі: маўляў, палякам пасля трагедыі ў Варшаве не варта казаць пра небяспечнасць Менску. Аднак праблема ґвалту актуальная і для Беларусі. Прыклады такіх злачынстваў перыядычна публікуюць сілавікі. Гэтак, летась у адным з менскіх інтэрнатаў 32-ухгадовы мужчына згвалтаваў і задушыў 28-мігадовую суседку.

А сёлета ў пачатку года гарадзенскія міліцыянты апавялі пра падлеткаў, якіх падазраюць у згвалтаванні няпоўнагадовых дзяўчат на вечарынцы. Дакладны лік гэткіх злачынстваў у МУС не агучваюць, але кажуць пра нібыта змяншэнне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Паводле ініцыятывы «BELPOL», летась сілавікі ў Беларусі завялі 110 крымінальных справаў за згвалтаванне. Да катэгорыі «хатні гвалт» яны аднеслі 2418 злачынстваў. Хаця толькі за 11 месяцаў 2022-га года МУС зарэгістраваў 70 тысячаў такіх фактаў.

Прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык назваў леташнюю статыстыку поўнай, аднак праблема не ў лічбах:

«Праблема ў тым, што МУС не збіраецца рабіць нейкія нармальныя крокі ў гэтым кірунку, бо ў іх проста няма рэсурсаў. Велізарныя некамплекты і вельмі шмат людзей, якія проста пераведзены з працы па свайму профільнаму кірунку. Тыя ж працаўнікі крымінальнага вышуку – ім зараз прыходзіцца займацца матэрыяламі па палітыцы і проста барацьбой з іншадумствам».

У 2018-ым годзе Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала канцэпцыю законапраекту аб папярэджанні хатняга гвалту. Чыноўнікі ад сілавога ведамства тады казалі, што варта прыкласці максімальныя намаганні, каб данесці да кожнага беларуса важнасць барацьбы з гэтай праблемай. Аднак законапраект жорстка раскрытыкаваў Лукашэнка, заявіўшы, што ўсё гэта заходняя дур.

Новую канцэпцыю закону аб папярэджанні хатняга гвалту з таго часу так ніхто і не пачаў распрацоўваць. А летась прынамсі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны заявілі, што пра гэткі дакумент не варта казаць, бо праблема ў Беларусі не настолькі вострая.

«Недэмакратычная дзяржава не хоча паказваць свае праблемы, яна хавае гэтыя праблемы. І вось яна хавае пад коўдру гэтыя праблемы і выдае вось нейкую інфармацыю, як там выпадак нейкі, або яшчэ раз асабісты кейс, што гэта як быццам не сістэмная праблема», – адзначыла гендарная даследніца Ірына Сідорская.

Але каб сітуацыя з гвалтам у Беларусі не хавалася пад дыван, а пачала развязвацца, пра такія злачынствы варта казаць публічна, зазначаюць нашыя суразмоўцы. Таксама неабходна змяняць падыходы ў выхаванні дзяцей. На дзяржаўным жа ўзроўні мусіць пачаць працаваць закон.

Ірына Юр’ева, «Белсат»