110 гадоў мінула з дня нараджэння Аркадзя Куляшова


«Цвёрда трымаўся юнак на дапросе, Тоячы словы і думкі свае. Вораг-жандар дакурыў папяросу і камсамольскі білет аддае…» У памяці многіх пакаленняў дзякуючы ў тым ліку і гэтаму вершу, Аркадзь Куляшоў запомніўся як «чырвоны» паэт. Але талент яго быў больш шматгранны, чым падаецца. Сёння ў дзень 110-годдзя ад нараджэння народнага паэта, распавядзем пра тое, чаму не вучылі ў школе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Юнацтва Аркадзя Куляшова прыпала на актыўнае будаванне камунізму. Таму паэт пакінуў шмат твораў, напісаных у рэчышчы савецкай ідэалогіі.

«У найлепшых сваіх тэкстах Куляшоў выходзіць у пазачассе, у вечнасць. Але разам з тым пакінуў, сама эпоха пакінула шмат слядоў пра сябе ў Куляшове. Так, ён не толькі камуніст, але, можа быць, самы таленавіты апяяльнік камунізму», – лічыць літаратар Андрэй Хадановіч.

Хапае ў ягоным паэтычным рэпертуары і любоўнай лірыкі. Бадай, найбольш вядомы верш «Бывай» Аркадзь Куляшоў напісаў у 14 гадоў на развітанне з першым каханнем – дзяўчынкай Алесяй. З ёй паэт дамовіўся пра спатканне праз некалькі дзясяткаў гадоў. Аднак сустрэча так і не адбылася… Як згадвае дачка Куляшова, калі бацька пабачыў жанчыну праз шыбу, ён збянтэжана кінуўся прэч, бо не пазнаў у ёй сваю каханую. Гэты верш лёг у аснову вядомага гіта ансамблю «Песняры» – «Алеся», музыку да якога напісаў Ігар Лучанок. Праўда, ад першапачаткова варыянту тэксту засталося не шмат.

Аркадзь Куляшоў.
Фота: archives.gov.by

«Першы радок “Бывай абуджаная сэрцам…” напісаў 14-цігадовы геній і надрукаваў гэта ў часопісе “Полымя”. А ўжо потым 58-мігадовы паэт радок па радочку старанна перапіша гэты верш. Ён зробіцца яшчэ больш балючым, але адначасова і мужна стрыманым», – дадаў Андрэй Хадановіч.

Знаёмыя і родныя Куляшова згадваюць, што паэт меў шмат працоўных асаблівасцяў. Гэтак, ён мог займацца творчасцю 16 гадзінаў на содні. І пры гэтым вершы пісаў звычайна лежачы. А вольны час прысвячаў перакладам. Беларускамоўны варыянт «Яўгена Анегіна» рукі Куляшова назваў лепшым за арыгінал ягоны расейскі калега, паэт Міхаіл Дудзін. Любіў Куляшоў і спорт, намагаўся не прапускаць матчаў менскага «Дынама», гуляў у шахматы.

«Куляшоў у гэтых шахматах уцякаў ад той рэальнасці, якая была навокал яго. Таму што ён заўсёды быў у сітуацыі стрэсу. Ён быў вядомы, і ўлады ад яго шмат чаго патрабавалі. І яму не ўсё падабалася. Ён дбаў пра творчую незалежнасць. Ён быў вельмі рады, калі ад усіх пасад ён адсунуўся і ўжо быў самім сабой», – распавёў драматург, літаратар Васіль ДранькоМайсюк.

Аркадзю Куляшову цудам удалося пазбегнуць сталінскіх рэпрэсіяў.

«Амаль усіх паэтаў вынішчылі. Гэта была латарэя. Падобна на тое, як хадзіць па балоце. Гарантый стопрацэнтных ні для каго не было, у тым ліку для Куляшова. Пры гэтым ён ніколі не выказваў ніякіх апазіцыйных настрояў», – заявіў Васіль Дранько-Майсюк.

У 1938-м годзе імя беларускага паэта было ў спісах на арышт. Аднак, паводле адной з версіяў, першаму сакратару ЦК КПБ падчас паездкі да Сталіна ўдалося адстаяць Куляшова, пасля чаго яго пакінулі ў спакоі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»