Спіс паўнамоцтваў для пракуратуры пашырылі


Прыцягваюць да адказнасці нябожчыкаў, шукаюць чатырыста жывых эсэсаўцаў, заводзяць крымінальную справу на Раду БНР. Гэта, між іншага, робяць працаўнікі Генральнай пракуратуры на грошы падаткаплатнікаў. Цяпер у іх будзе яшчэ больш паўнамоцтваў – адпаведны законапраект унесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пракуратура аказалася самым узорным ведамствам і цяпер з усіх менавіта Швед – ён наперадзе барацьбы супраць правоў людзей, з народам, з апазіцыяй, з, як яны называюць, збеглымі. Вылучаюцца часам самымі анекдатычнымі ініцыятывамі, ну, але гэтым ён заваёўвае сваё месца», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Не так даўно мы публікавалі, што плануюцца змены яшчэ і ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, дзе таксама ўзмацняецца ўплыў пракуратуры на працэдуру расследавання крымінальных справаў», – дадае прадстаўнік «BELPOL» Андрэй Астаповіч.

Паводле ж новага законапраекту аб пракуратуры, ведамства атрымае сярод іншага наступныя правы:

  • выносіць пратэст на бяздзейнасць чыноўнікаў, арганізацыяў і прадпрымальнікаў;
  • умешвацца ў адміністратыўны працэс яшчэ на яго пачатковай стадыі;
  • выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі для гука- і відэазапісу, фотафіксацыі падчас пракурорскага нагляду;
  • ствараць уласныя базы звестак;
  • прапаноўваць спосабы ўдасканалення ўласнага фінансавага забеспячэння;
  • вызначаць нормы забеспячэння ведамства зброяй, транспартам і тэхнікаю.

Галоўнае ж новаўвядзенне – цяпер пракурорскія работнікі не будуць абавязаныя даваць тлумачэнняў аб рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў.

Генеральная пракуратура.
Фота: prokuratura.gov.by

«Ні журналістам я магу не паясняць, цяпер у законе гэта ёсць, ні грамадзянам, якія звяртаюцца. Ну і напэўна не абавязаны справаздачыцца перад іншымі службамі, я думаю, што гэта больш менавіта да зваротаў грамадзянаў. Каб на гэтыя заявы і пастаянныя скаргі не трэба было адказваць і разглядаць», – тлумачыць Андрэй Астаповіч.

У ведамстве таксама ўзмацняецца цэнтралізацыя: у пракурораў раёнаў, гарадскіх раёнаў, гарадоў, міжраённых і транспартных пракурораў адбяруць права прызначаць і звальняць работнікаў сваёй пракуратуры.

«Людзі не хочуць ісці вучыцца на такія спецыяльнасці, не хочуць увогуле вучыцца ў Беларусі – з’язджаюць у іншыя краіны. Іх цяпер знайсці вельмі складана – і ты там, нейкі дробны начальнік, будзеш іх звальняць, а мы потым будзем усёй вобласцю шукаць на ягонае месца іншага чалавека? Магчыма, гэта адзін з фактараў. Асноўнае ж – гэта вертыкаль улады, якую яны выбудоўвалі трыццаць гадоў, і яна ўсё ўскладняецца і ўскладняецца», – кажа Андрэй Астаповіч.

Усе гэтыя змены не прыжывуцца пасля ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі, упэўнены палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Цяпер, з улікам таго, што нарабіла пракуратура за апошнія тры гады, проста ў будучых людзей, якія прыйдуць пасля зрынання гэтай дыктатуры, проста нічога не застанецца, каб пакінуць. Трэба будзе будаваць усё з нуля. Канстытуцыю, усе законы».

Пакуль жа, паводле новага законапраекту, пракуроры сярод іншага змогуць праводзіць канферэнцыі, конкурсы, інфармацыйныя і асветніцкія кампаніі «скіраваныя на ўмацаванне законнасці і правапарадку». Вельмі чакаюць там і маладых спецыялістаў: пракурорскія пасады змогуць займаць асобы, маладзейшыя за 25 гадоў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»