Кіберпартызаны пачалі «вайну» супраць універсітэтаў


Дзеіце як карнікі – будзе вам адплата. Такі мэсідж кіберпартызаны пакінулі па ўзломе сеткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. У выніку атакі ўсе сайты БДУ зрабіліся недаступнымі, выдаленыя базы работнікаў і студэнтаў, зачышчаныя бухгалтэрыя, пошта і воблачныя серверы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Па найгоршым сцэнары для ўніверсітэту, то фактычна ім трэба будзе пачаць жыццё з нуля. Уручную дадаваць дадзеныя, якія ёсць у базе, аднаўляць дадзеныя за апошнія гады з тых копіяў, якія захаваліся ў выкладчыцкага аддзелу», – кажа эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

У адміністрацыі ўніверсітэту ДОС-атаку адмаўляюць, называючы праблемы з серверамі «тэхнічным збоем», а здымкі, што распаўсюджваліся ў тэлеграм-каналах, – фальсіфікацыяй. На заяву адрэагавалі кіберпартызаны і ў якасці доказу апублікавалі выпіскі заробкаў рэктара БДУ Андрэя Караля, прарэктара ў сацыяльнай працы Анны Бакун і адмыслоўцы ў абароне дзяржаўных сакрэтаў Вольгі Патапенкі. Пры гэтым кіберпартызаны гатовыя вярнуць усе атрыманыя дадзеныя ў тым выпадку, калі рэжым выпусціць мінімум 50 палітвязняў. А калі не?

«Нейкіх канкрэтных планаў, што з гэтымі дадзенымі рабіць, маючы на ўвазе расследавання, у нам няма. Але мы гатовыя перадаць іх журналістам», – распавядае прадстаўніца кіберпартызанаў Юліяна Шаметавец.

Паводле кіберпартызанаў, атакі на ўстановы адукацыі, што дасюль праводзяць рэпрэсіўныя дзеянні, працягнуцца. Гэтак, наступным можа стацца Полацкі ўніверсітэт. Яшчэ ў траўні па ВНУ пракацілася хваля затрыманняў выкладчыкаў. Пра што на дзяржаўным тэлеканале «Звязда» выйшаў прапагандысцкі фільм пад назваю «По ту сторону змагарства». Асноўныя «героі» стужкі – затрыманыя выкладчыкі. Гэтак, паказалі дацэнта кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання Сяргея Глазырына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Які апавядае пра свой адміністратыўны арышт – 15 содняў за старое фота «УКантакце» з пратэстаў. Выкарыстоўваюцца каментары двух работніц – Паліны Путро і Марыі Дэканавай. Заплаканыя жанчыны кажуць, што змянілі сваю пазіцыю і вядуць выхаваўчую працу з студэнтамі. А вось былы рэктар універсітэту Дзмітрый Лазоўскі ад каментара адмовіўся, зачыніўшы дзверы перад носам прапагандысткі.

«Я б не сказаў, што ён быў нейкім лібералам, прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў, як яго спрабуюць прадэманстраваць. Хутчэй, гэта быў прагматык, для якога было вялікай каштоўнасцю развіццё ўніверсітэту», – кажа былы выкладчык Полацкага ўніверсітэту Аляксей Ластоўскі.

Галоўны тэзіс прапаганды: Полацкі ўніверсітэт арганізоўваў «транзіт выцеку мазгоў у заходнія краіны». Нібыта менавіта насаджанымі празахаднімі ідэаламі і была абумоўленая пратэставая дзейнасць сярод выкладчыкаў і студэнтаў у 2020-ым. Цяпер у якасці альтэрнатывы міжнародным абменам Полацкі ўніверсітэт заклікае сваіх студэнтаў навучацца ў Белгарадзе – раёне, які апошнім часам быў пад абстрэламі.

«Калі зараз у Беларусі не будуць створаныя ўмовы для атрымання адукацыі ці далейшага прафесійнага развіцця, то як раз актыўная моладзь будзе ўцякаць з краіны. Пытанне не ў тым, што ёсць нейкія міжнародныя кантакты, праекты, абмены», – кажа былы выкладчык Полацкага ўніверсітэту Аляксей Ластоўскі.

Акрамя Полацкага ўніверсітэту і БДУ, паводле інфармацыі Задзіночання беларускіх студэнтаў, найбольшай рэпрэсіўнаю дзейнасцю адзначыліся Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт, Беларусі ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларусі эканамічны ўніверсітэт.

Наста Печанькова, «Белсат»