«Культура ў эміграцыі»: каб было з чым вярнуцца дадому


Беларускія дзеячы культуры, якія былі вымушаныя выехаць за мяжу, даслалі лісты і паштоўкі сваім калегам, якія цяпер за кратамі. Беларускі фестываль «Культура ў эміграцыі», арганізаваны ў Кракаве, на першае месца паставіў падтрымку палітвязняў, асуджаных за тое, што яны – частка нашай культурнай спадчыны, нашай культурнай прасторы. Галоўная задача – не даць прарасейскай дыктатуры Лукашэнкі задушыць родную мову.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі айчынная культура знікае з кніжных паліцаў і тэатральных афішаў. Нават імёны дзеячаў культуры спрабуюць прыбраць з памяці народу, як прыбралі помнік паэтцы Ларысе Геніюш.

А ў замежжы шукаюць выйсце для тых, хто мусіў пакінуць Беларусь і для тых, хто працягвае працу ў падполлі на радзіме.

«Так, у Беларусі ўсё сцёртае і выціснутае з публічнага поля, але я заўсёды абараняю пазіцыю, што культура ў Беларусі працягвае існаваць, дзеячы культуры ёсць», – кажа старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Як захаваць права на прафесію і самарэалізацыю, вырашалі на фестывалі «Культура ў эміграцыі» у Кракаве. Куды з’ехаліся як дзеячы культуры, гэтак і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.

Цяпер жа за мяжой таксама выдаюцца самыя яскравыя творы беларускай культуры.

«Прадмова» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кнігі на адным са стэндаў на фестывалі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Не трэба да гэтага ставіцца, як да нашай паразы, трэба ставіцца, як да шанцу. Да шанцу зрабіцца мацнейшымі, больш даведацца пра тое, як функцыянуе еўрапейская культура, каб уліцца ў еўрапейскі кантэкст сёння і зараз», – мяркуе Аліна Коўшык, прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння.

А каб беларускія драматургі, музыкі, пісьменнікі і акторы не мусілі працаваць на будоўлі ці аўтазапраўцы, каб мелі магчымасць ствараць нашую агульную культуру і падтрымаць свае семʼі, даводзіцца папрацаваць і палітыкам.

«Я прашу дзяржавы свету запрашаць нашых культурных дзеячаў у рэзідэнцыі, каб яны маглі год-два ці колькі трэба працаваць там, пісаць, тварыць, каб арганізоўвалі выставы беларускіх мастакоў», – тлумачыць аспект сваёй дзейнасці Святлана Ціханоўская, абраная прэзідэнтка Беларусі.

А пакуль галоўная задача – захаваць наш інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Каб было з чым вяртацца дадому.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»