Рост інфляцыі і закрыццё банкаў: што адбываецца з эканомікай Беларусі?


Інфляцыя працягвае расці, а ўлады чарговы раз загадваюць ёй спыніцца. У Беларусі зноў рыхтуюць праграму дзеянняў для стабілізацыі цэнаў. Аб гэтым паведаміла намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання Ніна Емяльянава.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новы праект, сярод іншага, уключае зніжэнне затратаў на ўсім ланцужку вытворчасці ды абмежаванне павышэння цэнаў з боку сельгасвытворцаў. На гэты год урад ставіў задачу ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні 6 %. Але толькі за першыя два месяцы яна склала амаль 2 %.

«Прыёрбанк» – найлепшы ў Беларусі і адзін з сусветных лідараў сярод фінансавых установаў. Аб гэтым сведчыць рэйтынг часопісу «Global Finance», які ацаніў банкі са 150 краінаў свету. У разлік бралі фінансавыя паказнікі, узровень абслугоўвання, здольнасць працаваць у складаных умовах і даступнасць сэрвісаў.

Раней медыі пісалі, што «Прыёрбанк» праз некаторы час памяняе ўласніка. Паводле інфармацыі сайту «Tochka.by», аўстрыйская група «Raiffeisen Bank International AG» рыхтуецца да продажу 87,74 % акцыяў «Прыёрбанку» ў Беларусі. Чакаецца, што новым уладальнікам будзе інвестар з Арабскіх Эміратаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне «Прыёрбанку» ў Менску, Беларусь. 15 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

21 банк для Беларусі – гэта зашмат, палічыў Лукашэнка і загадаў зменшыць колькасць фінансавых установаў у краіне, каб не было залішняе канкурэнцыі. Эксперты лічаць, што такі крок не паўплывае на стан эканомікі.

«Калі, напрыклад, зачыніцца той жа дзяржаўны “Белінвестбанк” ці, напрыклад, той жа “Белаграпрамбанк”, што цалкам магчыма, то яны могуць кансалідавацца пад дахам таго ж “Беларусбанку”. І гэта, па сутнасці, ніяк сітуацыі не зменіць», – зазначае фінансіст, эканаміст Віталь Алейнік.

Звольненых працаўнікоў жа плануюць накіраваць у аграпрамысловую ды іншыя сферы.

«Вырашыць праблему дэфіцыту кадраў у іншых галінах эканомікі скарачэнне ў банкаўскім сектары Беларусі не дапаможа ніяк. Больш за тое, на працягу апошніх гадоў колькасць звольненых у фінансавым сектары перавышала колькасць найманых на працу. Так што і без Лукашэнкі занятасць у гэтым сектары скарачалася», – зазначае навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль.

Згодна з Белстатам, у сектары фінансавай і страхавой дзейнасці працуюць 1,4 % ад усіх занятых у эканоміцы. Менш працаўнікоў толькі ў сектары водазабеспячэння.

Нацбанк апублікаваў звесткі пра золатавалютныя рэзервы краіны. На першага красавіка яны склалі $ 8,35 млрд. Чыноўнікі рапартуюць пра павелічэнне запасаў на $ 133,9 млн. Але не кажуць, што гэта звязана не з іхнымі намаганнямі, а з ростам кошту золата на міжнародных рынках. А вось аб’ём замежнай валюты ў рэзервах зменшыўшыся за сакавік на $ 158,1 млн.

Фізічныя асобы ў Беларусі працягваюць заставацца нета прадаўцамі замежнай валюты. У сакавіку яны прадалі на $ 109,4 млн больш, чым купілі.

З юрыдычнымі асобамі сітуацыя супрацьлеглая. Яны набываюць значна больш валюты, чым прадаюць. За сакавік гэты паказнік –  мінус $ 247,6 млн. З пачатку года адмоўны баланс куплі-продажу валюты прадпрыемствамі $ 594,6 млн.

«Трэба больш валюты, каб набываць камплектуючыя і прадаваць тавар на экспарт. Сітуацыя, якая склалася, паказвае неэфектыўнасць беларускай эканомікі: больш купляем, чым прадаем на экспарт», – зазначае Алег Мазоль, навуковы працаўнік BEROC.

Вымыванне валюты беларускімі прадпрыемствамі ў сярэднім на $ 200 млн кожны месяц з пачатку года не кампенсуецца продажам валюты ад фізічных асобаў і ростам золатавалютных рэзерваў.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»