ЗСУ патапілі сучасны расейскі карабель «Сяргей Котаў»


«Сяргей Котаў» патануў у Керчанскай пратоцы ля ўзбярэжжа Крыму. Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны паведаміла пра знішчэнне аднаго з самых сучасных расейскіх караблёў. Карвет праекту 22160 называюць стэлс-суднам – нябачным нават для сучасных радараў. Пры гэтым ён абсталяваны новымі сістэмамі выяўлення і радыёэлектроннай барацьбы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

ГУР Украіны выклалі відэа, на якім бачна начную страляніну каля Крымскага мосту. Ад атакі адбіваўся сучасны расейскі патрульны карабель «Сяргей Котаў». Але беспаспяхова.

Пазней з’явіліся ў сеціве і перахопленыя перамовы. Паводле ўкраінскай выведкі, адзін з суразмоўцаў – камандзір 184-ай брыгады караблёў аховы расейскага флоту.

З размовы вынікае, што каля першай гадзіны ўначы карвет «Сяргей Котаў» атакавалі пяць марскіх дронаў. Карабель выконваў заданні паветранай абароны. То бок чакалі ўдару з паветра, а прапусцілі з вады.

«Гэта караблі аховы эканамічнай зоны. У прынцыпе, іх нармальнае заданне – гэта паляваць за браканьерамі, дапамагаць судам, якія церпяць бедства і таму падобнае. Таму на іх звычайна стаіць лёгкае ўзбраенне, і гэта хутчэй паліцэйскі, чым ваенны карабель», – кажа кіраўнік цэнтру вонкавапалітычных даследаванняў Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў Максім Паламарчук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Карабель «Сяргей Котаў».
Фота: Міністэрства абароны Расеі

Стандартнае ўзбраенне карвета гэтага праекту – карабельная гармата з трыма сотнямі стрэлаў, якая знішчае цэлі на вадзе, зямлі і ў паветры. А таксама гранатамёты, кулямёты, штурмавы човен і баявы верталёт на палубе, сучасныя сродкі радыёэлектроннай барацьбы і нават комплекс паветранай абароны.

«Ноў-хаў расейцаў у гэтай вайне – заганяць на верталётную палубу такіх караблёў сухапутны зенітна-ракетны комплекс. Эфектыўнасць гэтага дзеяння сумнеўная, таму што карабель усё ж не статычны абʼект: хто ведае, як зенітна-ракетны комплекс будзе працаваць. Але тым не менш такое рашэнне было прынята», – распавядае Максім Паламарчук.

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, карвет патапіла сакрэтнае падраздзяленне «Group 13». Гэта аператары, якія кіруюць марскімі дронамі, самыя вядомыя з якіх – безэкіпажны катар «Magura». Гэта ўжо не першая ўдалая аперацыя на рахунку гэтай групы. Яны ўзялі адказнасць за некалькі пашкоджаных караблёў, сярод якіх – патоплены ў ноч на 1-га лютага ракетны крэйсер «Іванавец», вядомы паходам у Сірыю.

Аляксей Стэцэнка, «Белсат»