Гонцы ўзбраенняў быць: планы рэжыму амбітныя, а ці хопіць грошай?


Любому агрэсару нанесці непрымальную шкоду. Для гэтага беларускае войска мае дастатковы баявы патэнцыял – заявіў намеснік міністра абароны ў справе ўзбраення Андрэй Федзін.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адказам на непрыязнае дзеянне суседзяў з’яўляецца размяшчэнне на нашай тэрыторыі тактычнай ядравай зброі. Гэты факт з’яўляецца вельмі важкім фактарам стратэгічнага стрымлівання, нашмат больш эфектыўным, чым уліваць вялізныя сродкі ў закупы ўзбраенняў, уцягвацца ў гэтак званую гонку ўзбраенняў, выдаткоўваючы вялізныя дзяржаўныя сродкі», – кажа намеснік міністра абароны.

Аднак сродкі ўсё ж такі выдаткоўваюць. Толькі летась рэжым набыў больш за 70 узораў узбраення і тэхнікі, у тым ліку ўдарныя гелікоптары Мі-35М, аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М» і зенітны ракетны комплекс «Тор-М2». Сёлета запланаваны таксама шэраг пакупак.

«Авіяцыйныя вайсковыя часткі папоўняцца гелікоптарамі Мі-35М, войскі супрацьпаветранай абароны – зенітнымі ракетнымі комплексамі “Тор-М2”. Будзе працягнутая пастаўка сродкаў радыёлакацыі, такіх як “Праціўнік-ГМ”, “Усход”, малавышынныя радыёлакацыйныя комплексы “Раса”. У сухапутныя войскі пачнецца пастаўка мадэрнізаваных танкаў Т-72БМ2», – распавёў Андрэй Федзін.

Лукашэнка летась агучваў амбітныя планы:

«Да сярэдзіны будучага года мы будзем мець усё ў поўным аб’ёме, што нам неабходна».

На нацыянальную абарону ў сёлетнім бюджэце рэжым заклаў амаль на траціну больш сродкаў, чымся летась: больш за тры з паловаю мільярды рублёў. Асноўная частка гэтых грошай пойдзе на войска. Але нават пры такіх выдатках – ці выцягне лукашэнкаўская эканоміка гонку ўзбраенняў?

«Эканоміка Беларусі не можа сабе такога дазволіць. Эканоміка Беларусі амаль загібаецца падтрымліваць два дзясяткі рэзідэнцыяў Лукашэнкі. Гэта нерэальна. І гэта нават калі больш сур’ёзнае штосьці, то гэта будзе больш як супраца Беларусі з Расеяй», – патлумачыў дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою Яраслаў Кот.

Вучэнні МУС
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі зладзіла на аэрадроме Ліпкі тактычна-спецыяльныя вучэнні.
Фота: pressmvd / Telegram

У глабальным рэйтынгу вайсковай магутнасці, складзеным аналітычнай кампаніяй «Global Firepower», за 2023 год Беларусь згубіла чатыры пазіцыі і заняла 64-е месца са 145. Але, паводле палітолага і спецыяліста ў нацыянальнай бяспецы Аляксандра Казака, верыць такім рэйтынгам, як і заявам рэжыму, не варта:

«Рэжым будзе казаць, якое ў іх моцнае, крутое войска. Як гэта ўвесь час робіць Паўночная Карэя. Ім проста няма чаго казаць. Але будзем казаць па-сапраўднаму, па шчыраму: узровень беларускага войска мы зможам ацаніць толькі ва ўмовах сапраўдных баявых дзеянняў».

Пакуль жа баявым досведам з беларускімі вайскоўцамі дзеляцца найміты групы Вагнэра, якім Лукашэнка даў прытулак пасля няўдалага маршу на Маскву. Паводле звестак брытанскай выведкі, цяпер на тэрыторыі Беларусі застаюцца менш за тысячу вагнэраўцаў. Прысутнасць наймітаў пацвердзіў і іхны камандзір Антон Елізараў з пазыўным «Лотас».

«Скарыстацца вагнэраўцамі быў такі апраўданы для рэжыму ход. І яны, напэўна, спадзяюцца, што гэта прынясе ім нейкія бонусы. Але час пакажа…. Галоўнае для іх жа, каб гэтая сістэма не “схлопнулася” самая», – адзначыў Аляксандр Казак.

Пры гэтым, паводле брытанскай выведкі, Лукашэнка наўрад ці будзе выкарыстоўваць наймітаў групы Вагнэра па-за межамі іхнай цяперашняй кампетэнцыі. У тым ліку для падтрымання ўнутранай і памежнай бяспекі Беларусі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»