Мікі Маўс стаў грамадскай уласнасцю


Героі першых дыснэеўскіх мультфільмаў сталіся гэтак званаю публічнай уласнасцю. Хаця, вядома, усе звяртаюць увагу перадусім на самую вядомую мышку ў свеце. Мікі Маўс упершыню з’явіўся на экране ў 1928 годзе за стырном чорна-белага параходу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Грамадства чакала пераходу правоў на Мікі Маўса ад кампаніі «Дыснэй» даўжэй, чым звычайна. Карпарацыя абараняла іх яшчэ 28 гадоў пасля сканчэння асноўнага тэрміну.

Прафесарка Школы права Універсітэту Д’юка Джэніфэр Джэнкінз патлумачыла: «Мы маглі б ужо ў 2004 годзе атрымаць мультфільм «Параход Ўілі» з першым з’яўленнем Мікі Маўса на экране. Але тэрмін аўтарскага права быў падоўжаны яшчэ на 28 гадоў».

Ужо ў сакавіку ў пракат мусіць выйсці новы фільм пра Мікі Маўса версіі 1928 года. Гэта фільм жахаў у стылі «слэшар», дзе забойца ў масцы дыснэеўскай мышкі бегае па турыстычным параходзе. Акторы малавядомыя, як і рэжысёр, які прызнаецца, што яны хутчэй забаўляліся з вобразам Мікі.

Беларускія кінавытворцы таксама маюць вялікі досвед працы на рынку ЗША і маглі б скарыстаць такую магчымасць – зняць штосьці новае пра забытае старое.

«Ёсць такі аніматар, Міхаіл Тумеля, у якога ёсць дыпломная праца 1988 года “Марафон”, якую ён здымаў на студыі “Беларусьфільм” і на студыі “Саюзмультфільм”. Яна прысвечаная Мікі Маўсу, 60-годдзю з’яўлення гэтага героя. Яна вельмі простая, але яе вельмі шмат паказвалі ў ЗША», – узгадвае кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Мікі Маўс. Крыніца: wikipedia.org

Таксама кінажурналіст прыгадвае беларускую рэжысёрку Дар’ю Жук, якая цяпер здымае мастацкія і дакументальныя фільмы ў ЗША. Нашыя творчыя суайчыннікі за мяжою цяпер маюць больш магчымасцяў.

«Цяпер можна знайсці грошы у Беларусі толькі ад дзяржаўных студыяў на тэлепрапаганду нейкую, ці на ідэалагічныя праекты. Тое, што цяпер замаўляе дзяржава, – гэта фільмы з пазіцыі ўлады пра тое, што адбылося ў дваццатым годзе. Штосьці пра Лукашэнку. Штосьці пра еднасць беларусаў, якія супрацьстаяць Захаду», – адзначае кінажурналіст.

А на Захадзе тым часам забаўляюцца і зарабляюць грошы нават спекулюючы на кумірах дзяцінства. Акрамя фільму пра Мікі Маўса, чакаем з ім камп’ютарную гульню ў стылі гэтак званага бумэр-шутэру. А летась, пасля таго, як грамадству падобным чынам перайшлі аўтарскія правы на ВінюПыха, з’явіўся фільм-хорар і пра яго. Пры бюджэце $100 тысяч стужка зарабіла $5 мільёнаў.

Васіль Ядчанка, «Белсат»