Беларусь апынулася ў цэнтры ўвагі на Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ


На найбуйнейшай у Еўропе канферэнцыі аб правах чалавека сябры Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе пры ўдзеле няўрадавых арганізацыяў абмяркоўваюць, як у асобных дзяржавах выконваюцца асноўныя правы грамадзянаў. Сёння на сустрэчы гучыць і назва Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

64 старонкі справаздачы. Прафесар Эрвеэ Асэнсьё прэзентаваў сталай радзе АБСЕ даклад аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Звесткі, сабраныя з лістапада 2020-га, акрэслілі як сур’ёзную пагрозу чалавечаму вымярэнню. Сітуацыю абмеркавалі дыпламаты і прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Вельмі важна, што на сесіі АБСЕ аб чалавечым вымярэнні мы бачылі Святлану Ціханоўскую, Вольгу Гарбунову. Гэта былі вельмі важныя выступы і вельмі сурʼёзны заклік да салідарнасці з Беларуссю, заклік да дзейнасці. Мяркую, гэта чарговы голас, які павялічвае ўражлівасць сусветнай грамадскай супольнасці ад трагічнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі», – паведаміў прадстаўнік міністра замежных справаў Польшчы для супрацы з беларускімі дэмакратычнымі асяродкамі Артур Міхальскі.

Галоўны вынік абмеркавання праблемаў беларусаў – утварэнне групы «Беларусь у АБСЕ».

«Адна рэч – гэта сябры беларусаў у парламенце, якія ўжо ёсць у 21 краіне, а зараз утвораная міжнародная арганізацыя, куды ўжо далучыліся 10 дзяржаваў – гэта кааліцыя сяброў Беларусі. Гэта тыя дзесяць краінаў, якія будуць кожны дзень слухаць беларускую тэму, гаварыць пра беларускую незалежнасць, ядравую зброю, пра расейскія войскі», – заявіў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская выступае на Варшаўскім форуме бяспекі . 5 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Святлана Ціханоўская ў сваёй заяве адзначыла, што сённяшняя справаздача мусіць стаць пачаткам справаў, а не вынікам. Абраная прэзідэнтка Беларусі прапанавала амбасадарам краінаў шэраг канкрэтных крокаў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, якія можна рабіць ужо цяпер.

«Святлана Ціханоўская выступіла з чатырма асноўнымі пунктамі. Першае – адказная і больш актыўная пазіцыя па вызваленні палітвязняў. Патрабаваць доступу да турмаў, вызвалення тых, хто ў цяжкім становішчы. Другое – заклікаць урады прыцягваць рэжым і вінаватых па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Трэцяе – распачаць справу ў міжнародным крымінальным судзе за тое, што называецца “злачынствы супраць чалавечнасці”. Чацвёртае – гэта прыцягнуць рэжым да адказнасці за выкраданне ўкраінскіх дзяцей», – дадаў Франак Вячорка.

Уласна, за датычнасць да прымусовай дэпартацыі дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў у Беларусь Міжнародны крымінальны суд у Гаазе можа выдаць ордар на арышт Лукашэнкі. Гэтая праблема – толькі адна са шматлікіх парушэнняў правоў чалавека на ўсходзе Украіны, якія прынесла вайна. І гэта гучала галоўнаю тэмаю. Расея ж, што чыніць ваенныя злачынствы, знішчае ўкраінскую культурную спадчыну і цывільную інфраструктуру, удзел у паседжаннях байкатавала.

Гэтую падзею польская сталіца прымае другі год запар. Канферэнцыя АБСЕ аб правах чалавека будзе працягваць сваю працу ў Варшаве да 13-га кастрычніка.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»