Ізноў расце напружанасць паміж літоўцамі і беларусамі


Беларусы могуць сфармаваць «пятую калону» ў Літве. Пра гэткую небяспеку, што ідзе ад нашых суайчыннікаў, заявіў дарадца прэзідэнта Гітанаса Наўседы Фрэдэрыкас Янсанас.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дэпартамент дзяржбяспекі сігналізуе, што праблема ў тым, што кожны месяц у Літву прыязджаюць тысячы і тысячы новых жыхароў з Беларусі. І мы стваралі патэнцыйна вялікую праблему. Яе залагоджваць трэба было ў траўні, але тады нічога не было зроблена. А цяпер ізноў усё заблытваецца. Варыянт закону прапанаваны, але ён адкладаецца прынамсі да сакавіка…»

Чацвёртага снежня ў парламенце Літвы былі зарэгістраваныя папраўкі ў закон аб мігрантах. Яны прадугледжваюць абмежаванне выдачы беларусам часовага віду на жыхарства. Калі папраўкі будуць прынятыя, кампаніі за межамі Літвы спыняць прыём заявак у беларускіх грамадзянаў на атрыманне дазволу на часовае пражыванне ў Літве. Выключэнне прапануюць пакінуць толькі для высокакваліфікаваных кадраў і рэпрэсаваных беларусаў.

«Да таго, як будзе прыняты закон, будзе страчаны год. За год, наколькі я магу меркаваць, у Літву прыязджае 20 тысяч новых людзей з Беларусі. Я не ведаю, каго яны прадстаўляюць. Мы патэнцыйна ствараем “пятую калону” і ўяўляем, што тут усё добра і прыгожа. Але насамрэч гэта не так», – кажа Фрэдэрыкас Янсанас.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень аднаўлення літоўскай дзяржавы беларусы адзначылі разам. Вільня, Літва. 17 лютага 2021 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

У Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі нагадалі пра міжнароднае права.

«Калі ж проста паводле нацыянальнай прыкметы глядзець на людзей і казаць, што невядома, што ў вас там у галовах, то тут ёсць у міжнародным праве вызначэнне. І яно ніяк не стасуецца з павагай да правоў чалавека», – заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, прадстаўнік у замежных справах Валерый Кавалеўскі.

Палітолаг Інстытуту міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс кажа, што выказвання Фрэдэрыкаса Янсанаса пра беларусаў большая частка жыхароў Літвы не чула. Паводле эксперта, заяву дарадцы Наўседы вырвалі з кантэксту беларускія медыі:

«Нехта хоча беларусаў уцягнуць ва ўнутраную палітыку. Я заўсёды раіў і ўвосень 20-га года беларусам не лезці ў літоўскую ўнутраную палітыку. Бо нехта вельмі будзе мець магчымасць скарыстацца, інструменталізаваць беларусаў. Ну, вось навошта гэта трэба? Я ніяк не разумею».

ВІціс Юрконіс нагадвае, што ў Літве ёсць некалькі незалежных адная ад адной галінаў улады. І ўсе яны падтрымліваюць беларусаў, якія цярпяць ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Заява ж Фрэдэрыкаса Янсанаса тычыцца тых тысяч беларусаў, якія не цярпяць ад рэпрэсіяў і якіх літоўскія службы праз вялізную колькасць не могуць праверыць. Напрыклад, да іх адносяцца дальнабойнікі.

«Вы як беларус можаце сказаць на 100 адсоткаў, ці 90 адсоткаў, ці 80, ці нават 60 адсоткаў, што вось усе яны дакладна не “рускі свет”, не за Лукашэнку і гэтак далей? І тут пытанне, якое б хацелася пачуць ад беларускіх дэмакратаў: як з гэтым працаваць? Як палепшыць радар?» – пытаецца Віціс Юрконіс.

Намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Валерый Кавалеўскі кажа, што дэмакратычныя сілы не кантралююць людзей і іхныя погляды:

«Тут адказнасць за гэтых людзей у пэўным сэнсе могуць несці тыя арганізацыі, што запрашаюць іх прыехаць і працаваць, напрыклад, дальнабойнікамі. Але ў Літвы ёсць моцны дзяржаўны апарат, гэта прававая дзяржава, яны выбудоўваюць правільныя працэдуры для таго, каб упэўніцца ў тым, што няма пагрозы нацыянальнай бяспецы ад тых людзей, якія прыязджаюць».

Летась, у жніўні і верасні, на замову Віленскага офісу Міжнароднай арганізацыі міграцыі сярод грамадзянаў Літвы праводзілася апытанне. Літоўцы адказвалі, як яны ставяцца да мігрантаў з трэціх краінаў. Вынікі гэтага даследавання паказалі, што большая частка жыхароў Літвы ставіцца да прыбылых беларусаў горш, чым да мігрантаў з Цэнтральнай Азіі. Апошнія занялі другое месца ў рэйтынгу. Лепш за ўсіх літоўцы тады ацанілі ўкраінцаў. Спыталі на віленскіх вуліцах сёння:

«Маё меркаванне, не абавязкова абмяжоўваць беларусаў. Расея і Беларусь – дзве розныя краіны. Іх не трэба параўноўваць».

«Дыпламаты гавораць, што сярод беларусаў да нас прыязджаюць і такія, якія для нас неспрыяльныя. Так насамрэч і ёсць. Але як іх пазнаць? Гэта цяжка. Беларусы добрыя людзі, але ў іх асяроддзі ёсць і такія, якія для нас неспрыяльныя. Дык вось такіх нам тут не трэба».

«Не ведаю. У мяне асабіста няма праблемаў з беларусамі, таму нічога не магу сказаць. А тое, што казалі палітыкі, я не чуў. Што з нагоды ўводу абмежаванняў. Калі гэта абмежаванні супраць Лукашэнкі ці нейкіх кіраўнікоў, то я гэта падтрымліваю. А супраць простых людзей – дык не. Трэба глядзець, якія тамака абмежаванні».

«Мне здаецца, што аб “пятай калоне” яшчэ рана казаць. Ёсць розныя беларусы. Але трэба глядзець канкрэтныя выпадкі, можа гэта звязана з беларусамі, якія хочуць зрабіць дрэнна для Літвы. Так што тут трэба дыферэнцаваць, аб чым мы гаворым. На ўсякі выпадак можа і трэба, але трэба глядзець на пэўны выпадак. Бо ідзе такая вайна, Расея акупавала Беларусь, так што тут можа быць і перагнулі палку. Але ведаеце, на ўсялякі выпадак трэба глядзець, калі гэта насамрэч беларусы, якія ўцякаюць ад рэжыму, то тут трэба іх прыняць».

Днямі прэмʼер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што хоча знайсці баланс у дыскусіі наконт прававога статусу беларусаў у сваёй краіне і ў кіраванні літоўскаю мяжою.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»