Пачаліся справаздачы прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету.


Гарачыя дыскусіі і нязручныя пытанні. Са спазненнем, але ўсё ж пачаліся слуханні Каардынацыйнай радай прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету. Са справаздачамі выступілі прадстаўнікі ў справах нацыянальнага адраджэння, а таксама бяспекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ да пачатку слуханняў праграма зазнала змены: першым справаздачыцца меўся прадстаўнік у транзіце ўлады, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Аднак за некалькі гадзінаў да пачатку імпрэзы стала вядома, што спадар Латушка і прадстаўнік у справе аднаўлення правапарадку Аляксандр Азараў не здолеюць прысутнічаць асабіста, бо цяпер яны ў Кіеве. Прапанову прэзентаваць справаздачу онлайн у Каардынацыйнай радзе адхілілі.

«Гэтая справаздача падрыхтаваная прадстаўніцтвам і камандай НАУ і ўжо апублікаваная на сайце нашай каманды, – запэўніў Павел Латушка. – Мы выехалі ў Кіеў, таму што прадстаўнікі Палка Каліноўскага прапанавалі правесці сустрэчу».

А Аляксандр Азараў удакладніў, што апошняя з запланаваных сустрэчаў запланаваная на заўтра:

«Я планую ў пятніцу ўвечары выехаць і вярнуцца. Мне прызначылі справаздачу трэцяга чысла, але праз маю працу ва Украіне я своечасова прыехаць не здолеў».

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, у сваю чаргу, патлумачыў, што пастанова выслухаць усіх асабіста выкліканая жаданнем забяспечыць аднолькавыя ўмовы ды магчымасці для ўсіх чальцоў Кабінету. Паводле яго, «у сітуацыі нестабільнасці там, ва Украіне, пры тых пытаннях, якія яны вырашаюць, пры бамбаваннях, – лепш усё ж такі перанесці і даць ім мажлівасць выступіць офлайн у любы іншы дзень».

Таму ў праграме першага дня засталіся справаздачы прадстаўніцы АПК у нацыянальным адраджэнні Аліны Коўшык і прадстаўніка ў справе абароны ды нацыянальнай бяспекі Валерыя Сахашчыка.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Віталь Рымашэўскі задае пытанне Аліне Коўшык падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета Варшаве. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Кожны выступ складаўся з двух этапаў: беспасярэдне дакладу прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету і адказаў на пытанні прадстаўнікоў адмысловых працоўных групаў ды іншых сябраў Каардынацыйнай рады. Аліна Коўшык перад сваёй справаздачаю падкрэсліла: важна, каб механізмы працы дэмакратычных сілаў былі празрыстыя.

«І вось акурат такі фармат дае магчымасць і задаць шчыра, адкрыта пытанні, і онлайн, якія дасылаліся загадзя; выслухаць тое, што людзі хацелі б сказаць».

Сябры Каардынацыйны рады маюць содні, каб ацаніць справаздачы прадстаўнікоў Кабінету. Рэкамендацыі падоўжыць або спыніць мандат кожнага чальца потым перададуць кіраўніцы Кабінету Святлане Ціханоўскай. Каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка мяркуе, што Абʼяднаны пераходны кабінет не змог скочыць вышэй за галаву і дасягнуць нейкіх такіх звышмэтаў, якіх ад яго, магчыма, чакалі аптымісты. Вадзім пракаментаваў працу Кабінету сціпла-дыпламатычна:

«Я б сказаў так: кабінет знайшоў нейкую нішу, кожны займаецца нейкай сваёй справай».

Заўтра слуханні справаздачаў працягнуцца. Перад прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады выступяць прадстаўніца Кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, а таксама Валер Кавалеўскі, адказны за замежныя справы.

Датаў, калі свае справаздачы прэзентуюць Аляксандр Азараў і Павел Латушка, пакуль не паведамляюць.

Аляксандр Баразенка, «Белсат».