Амбасадараў Беларусі і Расеі запрасілі на нобэлеўскую цырымонію


На цырымонію ўручэння Нобэлеўскай прэміі запросіны атрымалі амбасадары Беларусі і Расеі ў Швецыі. У той час як Расея вядзе вайну супраць Украіны, а ў Беларусі небывалая дасюль колькасць палітычных вязняў. Арганізатары тлумачаць гэта неабходнасцю дыялогу. Як успрынялі рашэнне ў афіцыйным Кіеве і як будзе рэагаваць беларуская дэмакратычная супольнасць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сярод запрошаных на святочны банкет з нагоды ўручэння Нобэлеўскіх прэміяў – амбасадары Лукашэнкі і Пуціна ў Швецыі. Хаця летась праз вайну іх не клікалі.

«А што, цяпер вайна скончылася? Ці беларускія палітвязні выйшлі на свабоду? Што гэта за каштоўнасці, якія трымаюцца адзін год? Я думаю, камітэт не павінен прымаць такіх рашэнняў, каб не скампраметаваць добрага імя Нобэля», – заявіла ў інтэрв’ю «Белсату» абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Пагатоў сярод палітычных вязняў – нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Аднак Нобэлеўскі фонд сваё рашэнне тлумачыць патрэбаю дыялогу.

«Гэта для нас складана, гэта не нашая функцыя – ацэньваць сусветных палітыкаў з году ў год: хто варты запрашэння на цырымонію, а хто – не», – заявіў Відар Гэльгесэн, выканаўчы дырэктар Нобэлеўскага фонду.

Афіцыйны Кіеў абураецца, што прадстаўнік агрэсара будзе сядзець на цырымоніі ў прыгожым гарнітуры, пакуль расейскія ракеты руйнуюць украінскія гарады. Прэзентаваць рэжым Лукашэнкі на банкеце мае амбасадар у Швецыі Дзмітрый Мірончык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уручэнне Нобэлеўскай прэміі міру. На здымку – Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага. Осла, Нарвегія. 10 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Палітычных вязняў у Беларусі няма – адказваў ён на патрабаванне шведскіх парламентароў вызваліць несправядліва асуджаных рэжымам Лукашэнкі. Але ў дзве тысячы дваццатым годзе Мірончык удаваў прадэмакратычную пазіцыю, кажа прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

«Ён сказаў, што супраць гвалту ў Беларусі і найбліжэйшым часам таксама прыме рашэнне аб пераходзе на бок беларускага народу. Сёння ён вельмі актыўна зноў служыць рэжыму. Думаю, рэжым выдатна разумее, што ў пэўнай сітуацыі першы, хто будзе здраджваць, – гэта спадар Мірончык», – распавядае Павел Латушка.

Як беларускай дэмакратычнай супольнасці рэагаваць на рашэнне Нобэлеўскага фонду?

«Я думаю, мы сваё меркаванне выкажам Нобэлеўскаму камітэту ў выглядзе ліста або патэлефануем. Яны павінныя ведаць, што думае пра гэтую падзею беларускі народ», – кажа Святлана Ціханоўская.

«Самым правільным крокам было б ад нас заклікаць усіх тых, хто атрымаў запрашэнне на гэтую цырымонію, адмовіцца ад яго на знак пратэсту. Гэта важна рабіць, і мы будзем гэта рабіць», – мяркуе Павел Латушка.

Былы палітычны вязень і праваабаронца Леанід Судаленка, аднак, мае іншую думку.

«Няхай пабудзе сярод прыстойных людзей і свайму наймальніку Лукашэнку распавядзе, што ў прыстойным грамадстве кажуць пра паўтары тысячы беларускіх палітвязняў. Я лічу, што лепей весці перамовы, чым стаць у такую позу, што мы цябе забанілі, мы на цябе наклалі санкцыі, мы з табой размаўляць не будзем», – кажа Леанід Судаленка.

Афіцыйнага адказу ад Міністэрства замежных справаў Беларусі, ці прыме запрашэнне на банкет амбасадар, пакуль няма. А тым часам праваабаронцы прызналі яшчэ 10 асобаў палітычнымі вязнямі. Агулам іх колькасць перавысіла паўтары тысячы чалавек.

Валянцін Васіленка, «Белсат»