Ядравыя адкіды з Беларускай АЭС будуць перапрацоўваць у Расеі


«Калі рване, то мала не падасца». Аляксандр Лукашэнка назваў Беларускую АЭС фактарам бяспекі краіны, як і расейскую ядравую зброю. Тым часам Савет міністраў прызначыў арганізацыі, што будуць адказваць за працу з ядравымі адкідамі Беларускай АЭС.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адпаведную пастанову апублікавалі сёння на Нацыянальным прававым партале. Першым аператарам прызначылі самую БелАЭС. Прадпрыемства будзе адказваць за загруз адкідаў ды іх транспартаванне ў Расею на перапрацоўванне.

«Слова “перапрацоўванне” тут уводзіць у зман. Гэта працэс адбірання плутонію, які там узнікае і які мае вайсковае значэнне. А таксама ўрану, які недавыгарэў. Пры гэтым аб’ём адкідаў значна павялічваецца. Не радыеактыўнасць, а абʼём, бо гэтае апрацоўка звязаная з растварэннем у кіслотах і гэтак далей», – тлумачыць Андрэй Ажароўскі, расейскі інжынер-фізік.

Зоймецца так званым перапрацоўваннем адное з прадпрыемстваў расейскага абарончага комплексу.

«Мірны і не мірны атам – браты-блізняты. Гэты плутоній з беларускага ядравага паліва будзе выкарыстаны для расейскай ядравай зброі. І таму большасць краінаў адмаўляецца ад такой “перапрацоўкі”, каб не множыць патэнцыйную ядравую зброю. Вельмі шкада, што беларускі бок вырашыў спансаваць такім чынам расейскую ядравую зброю», – дадае Андрэй Ажароўскі.

Пазбаўленыя плутонію, але ўсё яшчэ небяспечныя адкіды вернуцца ў Беларусь на сховішча. Адказнай за гэта стане створаная Міністэрствам надзвычайных сітуацыяў Беларуская арганізацыя абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі.

Пляцоўку для захоўвання адпрацаванага паліва ў Мінэнерга абяцаюць абраць сёлета і зацвердзіць пасля грамадскіх абмеркаванняў. Сярод варыянтаў называюць пляцоўку ў Астраўцы, блізу самой станцыі, а таксама тэрыторыю Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

БелАЭС. Крыніца: Minenergo_by / Telegram

«Падаецца, што лагічна размясціць адкіды там, дзе ўжо было забруджванне. Але іхнае перамяшчэнне праз усю Беларусь чыгункаю – дадатковая рызыка. Я лічу, што чым бліжэй гэтая пляцоўка будзе да станцыі – тым лепей», – кажа сябра рады ГА «Экадом» Ірына Сухій.

Пабудаваць сховішча плануюць да 2030 года. А ў 2032-м – пачаць так званае перапрацоўванне адкідаў у Расеі. Найбліжэйшае дзесяцігоддзе адпрацаванае ядравае паліва будзе праходзіць гэтак званы этап мокрага захоўвання, непасрэдна на тэрыторыі станцыі. Адносна бяспекі працы якой увесь час паўстаюць пытанні. Тэлеграм-канал «Спакойны астравец» апублікаваў дакумент, згодна з якім, з 2021 года падчас эксплуатацыі БелАЭС было выяўлена амаль сямнаццаць тысяч дэфектаў.

«Такая лічба кажа аб тым, што будаўніцтва вядзецца мякка кажучы неахайна. Дэфект на дэфект – атрымліваем эфект, страшны эфект», – дадае Ірына Сухій.

У Мінэнерга такую колькасць недаробак назвалі «звычайным працоўным працэсам» ды заявілі пра нязначнасць недапрацовак ды іх выпраўленне. Тым часам уведзены ў эксплуатацыю другі энергаблок БелАЭС ужо выпрацаваў першы мільярд кілават-гадзінаў электраэнергіі, адрапартавалі ў ведамстве.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»