У Расеі эвакуююць 40-тысячны горад праз абстрэлы


Трагедыя ў Кіеве. У выніку начнога абстрэлу ўкраінскай сталіцы загінулі тры асобы. Сярод іх дзевяцігадовая дзяўчынка, ейная маці і яшчэ адна кіяўлянка. Не здолелі ўратавацца ад абломкаў збітай расейскай ракеты. Уваход у бамбасховішча аказаўся зачыненым падчас паветранай трывогі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«…Мая жонка ўзяла дачку, і яны пабеглі пад уваход сюды. Уваход быў зачынены. Там ужо было пяць, можа дзесяць жанчын з дзецьмі. Ім ніхто не адчыняў. Яны стукалі. Досыць гучна стукалі! І потым папрасілі мяне збегаць вось сюды, пастукаць ахове ў надзеі, што, можа, нехта адчыніць дзверы. Пакуль я сюды бег, якраз і здарыўся выбух…» – кажа кіяўлянін Яраслаў Рабчук, жонка якога загінула.

Праца ўкрыццяў – адказнасць кіраўнікоў установаў, а таксама кіраўнікоў аддзелаў, у якіх яны размешчаныя, заявіў мэр Кіева Віталій Клічко. Да таго ж чыноўнік анансаваў рэйды паліцыі, якая зоймецца кантролем працы бамбасховішчаў у начны час.

Пакуль украінскія гарады абстрэльваюць з паветра, у самай гарачай кропцы фронту – на бахмуцкім кірунку – часовае зацішша. Гэта пацвердзіў камандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі. Паводле генерала, сілы абароны Украіны прыпынілі прасоўванне па флангах вакол гораду і выконвалі іншыя важныя задачы.

«Я не выключаю, што іншымі задачамі для сіл абароны Украіны, пра якія казаў генерал Сырскі, можа быць менавіта ўладкаванне агнявых кропак і пазіцый для больш эфектыўнай паразы ўжо расейскіх акупантаў у самім Бахмуце», – заявіў вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

Паралельна з гэтым з Бахмуту пачалі выходзіць баевікі ПВК Вагнэра. А тым часам Расейскі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расеі» заявілі пра новы рэйд у Белгародскую вобласць.

Расейскія тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім, як сцвярджаюць аўтары, у Шабекіне работнікі дзяржустановаў палілі дакументы ў чаканні расейцаў, якія дапамагаюць Украіне. Неўзабаве пасля гэтага ў горадзе пачаліся баявыя дзеянні. Гарэлі інтэрнат і будынак гарадской адміністрацыі. У легіёне «Свабода Расеі» заявілі, што падчас рэйду знішчылі будынак мясцовай паліцыі.

Ваяр Расейскага добраахвотніцкага корпусу.
Фота: Русский Добровольческий Корпус / Telegram

«Раніцай сапраўды сёння быў здзейснены рэйд па знішчэнні ваеннага аб’екта, пад удар трапілі сам ваенны абʼект, гэта значыць воінскія часткі і часткі расгвардыі, якія знаходзіліся ў адным з будынкаў МУС», – распавёў палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Улады Белгародскай вобласці прыступілі да эвакуацыі цэлага гораду Шабекіна з насельніцтвам 40 тысяч чалавек. Пакуль жыхароў вывозяць у Белгарад на гарадскі стадыён, разлічаны на тысячу чалавек. Але і ў самім Белгарадзе небяспечна. Гэтак, сёння ў горадзе прагрымеў выбух. Паводле губернатара вобласці Вячаслава Гладкова, на праезджую частку ўпаў беспілотнік. Пацярпелых даставілі ў шпіталь.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»