У свеце пачалася анамальна спякотная вясна


Сонечныя акуляры і майка: хоць такое ўбранне не ўласцівае для красавіцкага надвор’я, сёння на вуліцах беларускіх гарадоў можна было бачыць процьму гэтак адзетых людзей. Ужо ў сакавіку тэмпература пабіла чарговую кліматычную норму. У Лельчыцах слупок тэрмометра падняўся ажно да 23-ох цэлых і дзвюх дзясятых градуса – гэта абсалютны рэкорд месяца па ўсёй краіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ува ўсёй Беларусі на дваццаці пяці метэастанцыях зафіксаваныя гістарычныя максімумы тэмпературы сакавіка.

Экаактывісты кажуць, што такая змена клімату ў кароткатэрміновай перспектыве прывядзе да таго, што з нашай планеты цалкам знікнуць некаторыя жывёлы і расліны.

«Напрыклад, для Беларусі наш сімвал – буслы. Ужо ў мінулым годзе казалі, што яны пачынаюць выкідаць сваіх птушанят з гнёздаў. Часцей за ўсе гэта звязана з тым, што не хапае харчавання з-за засухі. І яны проста выкідаюць сваіх маленькіх птушак. Ну, проста выкідаюць, яны гінуць. Можа прывесці проста да таго, што ў нас не будзе буслоў», – кажа экаактывістка і сябра Беларускіх маладых зялёных Паліна Бурко.

Анамальна высокую тэмпературу паветра ў Еўропу прынеслі цёплыя вятры з заходняга Міжземнамор’я. Яны захапілі з сабою тоны пясчанага пылу з пустыні Сахара, што яшчэ больш пагоршыла сітуацыю.

На харвацкім курорце Дубраўнык, дзякуючы высокай тэмпературы турысты і мясцовыя жыхары адкрылі пляжны сезон на два месяцы раней, чым звычайна. Але мора яшчэ не прагрэтае.

«Мы пайшлі купацца каля скалы. Было холадна, але сапраўды прыемна. Мы загарэлі, гэта было вельмі весела!» – кажа турыстка з ЗША.

Пыл з пустыні Сахара прыйшоў і ва Украіну. 1 красавіка ён распаўсюдзіўся на большасць рэгіёнаў. Некаторыя жыхары Адэсы, нягледзячы на рэкамендацыі мясцовага гідраметцэнтра заставацца ўдома і татальную забарону купацца, звязаную з міннаю небяспекаю, усё роўна палезлі ў мора.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrea Piacquadio / pexels.com

Самыя высокія тэмпературы ў сакавіку за ўсю гісторыю назіранняў зафіксаваныя і ў 70 месцах па ўсёй Японіі. У Токіа тэмпература трымаецца, як у пачатку ліпеня – больш за 25 градусаў.

Яшчэ ў 2015 годзе на канферэнцыі ААН у пытаннях змянення клімату ў Парыжы амаль усе краіны свету дамовіліся стрымаць павышэнне тэмператураў на планеце, кантралюючы шкодныя выкіды ў атмасферу. Але цэлы шэраг краінаў парушае гэтыя дамоўленасці. Да такіх адносіцца і Расея.

«І таму вось я разам з шэрагам калегаў уключна з прадстаўнікамі карэнных народаў і іншых праваабарончых і экалагічных арганізацый звярнуліся спачатку ў суд. Зразумела, што ў расейскім судзе наўрад ці можна дабіцца справядлівасці ў цяперашні час. Ну, вось мы атрымалі адмову ад вярхоўнага суда і накіравалі нашу скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека», – кажа экаактывіст і заяўнік кліматычнага пазову супраць ураду Расеі Віталій Сярветнік.

Заўтра ў Беларусі ўсё яшчэ будзе горача. У некаторых рэгіёнах слупок тэрмометра паднімецца да 25-ці градусаў. А з серады ва Усходняй Еўропе чакаецца пахаладанне. У нашай краіне на 3-га красавіка абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі. На большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаюцца навальніцы і парывы ветру да 20-ці метраў за секунду.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»