Беларусь не спыняе мілітарызацыі


Мілітарызацыя Беларусі працягваецца. Бягучы год абвешчаны для вайскоўцаў Годам баявой вывучкі. А так званыя вагнэраўцы навучаюць выкладчыкаў ВНУ Міністэрства абароны. Да чаго рыхтуецца беларуская армія, і ці ёсць шанец зменшыць мілітарызацыю?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Колькасць амерыканскіх і натаўскіх войскаў паблізу нашых межаў павялічваецца, заявіў намеснік міністра абароны Андрэй Жук у інтэрв’ю праўладнаму выданню «СБ БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ». А вайну ва Украіне ён назваў падручнікам для Узброеных сілаў Беларусі, якія актыўна ўдасканальваюць баявую падрыхтоўку з прыцягненнем расейскіх вайскоўцаў.

Палітычны каментатар і аўтар праграмы «ПраСвет» Сяргей Пеляса лічыць, што адбываецца працэс уніфікацыі беларускага войска з расейскім:

«Да будучага гіпатэтычнага канфлікту Расеі з NATO і рыхтуюцца беларускія вайскоўцы, а дакладней беларускае войска рыхтуюць да такой магчымасці».

Але гэтая перспектыва не бліжэйшага часу. Цяпер Лукашэнку больш турбуюць пагрозы ў выглядзе магчымага заходу на тэрыторыю нашай краіны беларускіх добраахвотнікаў з Украіны.

«Лукашэнка ўсё ж сурʼёзна пабайваецца каліноўцаў, беларускіх дабравольцаў, якія ваююць ва Украіне і якія ўжо некалькі разоў казалі, што яны не збіраюцца спыняцца толькі на Украіне. І ён таксама пабайваецца, што вайна можа таксама распаўсюдзіцца і на Беларусь», – зазначае віцэ-прэзідэнтка даследчага інстытуту «Globsec» Алена Кудзько.

Кіраўніцтва беларускіх ВНУ на занятках па агнявой падрыхтоўцы.
Фота: Міністэрства абароны

Між тым, рыторыка Аляксандра Лукашэнкі апошнія месяцы відавочна міралюбівая. Гэтак, напрыканцы лютага на нарадзе з сілавікамі ён падкрэсліў, што Беларусі вайна не патрэбная. Пра неабходнасць перамоваў Украіны з Расеяй Лукашэнка казаў і на выбарчым участку падчас так званага адзінага дня галасавання.

«У Лукашэнкі перспектыва выбараў-2025 – яна блізкая. І хацелася б, каб да таго часу Беларусь не ўцягнулі ў вайну. Каб сітуацыя была стабільная. Абы не было вайны. Дык вось, Лукашэнка відавочна за мір. Прычым за мір не зусім на расейскіх правілах. Яму найлепей, каб нешта было сярэдняе», – звяртае ўвагу Сяргей Пеляса.

Але цяпер Лукашэнку вельмі цяжка спыніць мілітарызацыю Беларусі, асабліва пакуль ідзе вайна ва Украіне, лічыць Алена Кудзько:

«Пакуль не вырашана, хто гэтую вайну выйграе і на якіх умовах, пакуль Лукашэнка не можа ўтрымоўваць сітуацыі ўнутры краіны, у яго не будзе памкнення спыніць мілітарызацыю. Ён залежыць ад сілавых структур, у тым ліку ад арміі, і таму яму вельмі важна, каб гэтыя сілавыя структуры былі адэкватныя».

Намеснік міністра абароны Андрэй Жук мяркуе, што дапамагчы беларускай арміі могуць і так званыя вагнэраўцы. Яны ўжо навучаюць выкладчыкаў ВНУ Мінабароны. Да таго ж беларускія вайскоўцы нядаўна вярнуліся з расейскага Цэнтру баявой падрыхтоўкі. Цяпер яны могуць выступаць у ролі інструктараў і навучаць калег расейскім метадам вядзення вайны.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»