«Дайце нам працу!». Такія заклікі сёння гучалі каля гомельскага аблвыканкаму. Там на стыхійным мітынгу сабраліся каля паўтысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх прэзідэнцкі ўказ нумар 222 фактычна змусіў прыпыніць працу з пачатку года. Акцыя салідарнасці з ІП – хоць і з меншым поспехам – адбылася сёння і ў сталіцы.
Стоячы на прыступках будынку мясцовай улады, гомельскія гандляры не хавалі свайго абурэння.
«Я хачу, каб людзі нас пачулі. Якія таксама не разумеюць. Людзі міма ідуць і пытаюць, што тут адбываецца. Людзі не ведаюць, чаму зачыненыя рынкі, што адбылося», – распавядае ўдзельніца акцыі.
Сітуацыя, якая паўстала вакол указу нумар 222, акурат абмяркоўвалася за дзвярыма аблвыканкаму з удзелам прадстаўнікоў прадпрымальніцкай супольнасці ды падатковай службы. Запрашэнне да перамоваў атрымалі і ўдзельнікі мітынгу. Асабіста – ад кіраўніцы камітэту эканомікі аблвыканкаму Эльвіры Карніцкай.
Пратэстоўцы, аднак, запрашэнне чыноўніцы адхілілі. Маўляў, 20 гадоў яны стаялі ўзімку на марозе, няхай на мароз цяпер выйдзе і сама Карніцкая.
«Цяпер усе кажуць, што мы на вакацыях, што мы ў хаце, адпачываем. І што мы проста чакаем, пакуль скончыцца мароз. Мы прыйшлі сказаць, што мы мароз перачакаем тут, мы развязваем праблемы. Мы маем праблемы, і мы хочам, каб нам дапамаглі іх развязаць», – зазначае іншая ўдзельніца акцыі прадпрымальнікаў.
Каля трохсот прадпрымальнікаў сёння сабраліся і ў Наваполацку. Яны заявілі, што больш не вераць заявам уладаў і будуць дамагацца поўнага скасавання прэзідэнцкага ўказу.
Салідарныя з ІП прыйшлі сёння і да Дому ўраду ў Менску. На запрашэнне старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі на плошчы Незалежнасці сабраліся каля трыццаці асобаў.
«Мы не прызвычаіліся хадзіць на мітынгі. Таму нават тыя, хто прыйшоў сёння, – яны глядзелі з боку. Я ведаю, што тут ёсць Салігорск, Крупкі, Полацк, Наваполацк, Горадня, Віцебск», – тлумачыць Ірына Яскевіч, прадпрымальніца з Віцебску.
Пасля кароткага мітынгу ўдзельнікі акцыі накіравалася беспасярэдне ў Дом ураду, каб перадаць уладам свае прапановы. І ўжо неўзабаве Анатоль Лябедзька распавёў пра вынікі размовы з чыноўнікамі.
«Усё было ветліва. Будзем чакаць афіцыйнага адказу 15 ці 30 дзён. Я думаю, калі б тут было яшчэ больш людзей, то ўлада была б яшчэ больш ветлівая», – мяркуе Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Адначасова ў Гаспадарчым судзе Менску сёння адбываўся працэс у справе расейскіх сертыфікатаў, якія беларускія кантралёры прызналі фальшывымі. Суддзя прысудзіў прадпрымальніцы Таццяне Паляковай штраф памерам 30 базавых з канфіскацыяй прыбытку і тавараў.
«Мой прыклад паказаў, што ў любым выпадку прыйдуць. У 90 выпадках ты прызнаеш віну, і вось што будзе далей. Мала таго, што сканфіскуюць тавар, дык яшчэ і канфіскацыя грошай», – падсумоўвае прадпрымальніца Таццяна Палякова.
Паказальным працэс Таццяны Паляковай назваў і адзін з прадпрымальніцкіх лідараў, старшыня аб’яданання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. На ягонае меркаванне, такім чынам улады выразна паказалі свае намеры ў дачыненні малога бізнесу.
Вольга Жарнасек, «Белсат»