Працаўнікоў заводу карданных валаў у Горадні цягам месяца незаконна зганяюць на прыбіранне тэрыторыі ў іх вольныя ад працы дні.
Раніцай а 7:30 каля ўваходу на завод Карданных валаў у Горадні збіраецца натоўп. Праца пачынаецца а 8-й, але паўгадзіны патрэбны на тое, каб прайсці прахадную і пераапрануцца. Усё нібыта, як заўсёды, з той толькі розніцай, што гэта субота – выходны дзень для большасці працоўных на прадпрыемстве. Усе дзве тысячы працаўнікоў абавязаны прыйсці на суботнік, каб бясплатна ў свой вольны дзень працаваць мінімум чатыры гадзіны.
Усё пачалося пасля выступу Аляксандра Лукашэнкі ў Воршы, калі прэзідэнт Беларусі бесцырымонна ўсіх аблаяў. Доўга не думаючы, кіраўніцтва заводу выдала загад: правесці месячнік па навядзенні парадку ў будынках (памяшканнях) ААТ «Белкард» і на прылеглай тэрыторыі ў перыяд з 20 жніўня па 20 верасня.
Як распавядае адна з працаўніц заводу, якая папрасіла не называць яе імені, першы суботнік адбыўся 25 жніўня, а другі 8 верасня.
«Прымушаюць рабіць усё: прыбіраць не толькі свае працоўныя месцы, але і ўсё навокал, мэблю цягаць, вырываць уручную траву вакол тэрыторыі і, каб абавязкова, 10 см ад бардзюра! – распавядае жанчына. – Не даюць спецвопраткі, нічога. Няма нават перапынку на абед. Людзі працуюць па чатыры, а хто і па восем гадзін у дзень! І гэта ў свой вольны дзень. Пры тым, што яшчэ і запужваюць нахабна як. У нас і так заробкі мізэрныя па 350 рублёў у сярэднім. Выцягваюць прэміі і даплаты, у выніку выходзіць на 400 рублёў. Дык кіраўніцтва пагражае, што за адсутнасць на суботніку мы не атрымаем даплатаў. За 25 жніўня ўжо складаюць спісы, хто быў, а хто не быў. Гэта проста жах і нейкі маразм».
Гадзіны працы на суботніках не аплачваюцца. Не аплачваецца таксама праезд, які працоўныя аплачваюць самыя. Людзі баяцца за свае працоўныя месцы, таму ніхто нават не спрабуе сварыцца з кіраўніцтвам, дадае жанчына.
«Мы бачым, як пасля разносу ў Воршы кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў заторгаліся, спужаліся, што яны могуць страціць свае хлебныя, наседжаныя месцы і вырашылі, звычайным для іх спосабам, шляхам запалохвання эксплуатаваць працоўных па суботах, каб прыкрыць сваё шматгадовае няўмелае кіраўніцтва прадпрыемствам. Людзі абураныя. На заводзе адзін з самых маленькіх заробкаў у горадзе, але і іншую працу знайсці ў Горадні праблематычна, таму прыходзіцца супраць сваёй волі выходзіць на гэтыя суботнікі. Некалькі чалавек да мяне тэлефанавалі і прасілі дапамагчы. На жаль, я болей нічога не магу зрабіць, бо некаторы час таму звольніўся з прадпрыемства, і на мае лісты ўва Упраўленні па працы рэагаваць не будуць, зрэшты як і любая іншая служба. Адна надзея на розгалас у СМІ», – кажа кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Горадня» Анатоль Мышкевіч, які раней таксама працаваў на заводзе «Белкард».
Як распавёў грамадскі актывіст, людзі выконваюць працу, якую выконваць не павінныя: прыбіраюць смецце, перацягваюць металалом, старую мэблю.
«Некалькі месяцаў таму працоўны атрымаў цяжкую траўму на заводзе пры вывазе металалому, зламаў сцягно і тазавую костку. А калі гэта здарыцца на суботніку, хто будзе адказваць? Хто кампенсуе працоўнаму страту здароўя? Калі дырэктар баіцца за сваю працу, няхай сам выходзіць на працу ў свае выходныя і выпраўляе, што лічыць патрэбным», – кажа Анатоль Мышкевіч.
Чарговы суботнік на заводзе Карданных валаў у Горадні запланаваны на 15 верасня.
Нагадаем, што прымусовая праца ў Беларусі забараняецца згодна з артыкулам 13 Працоўнага кодэксу РБ. У артыкуле прапісана, што прымусовай працай лічыцца праца, якая вымагаецца ад працаўніка пад пагрозай выкарыстання якога-кольвек уздзеяння з дапамогай гвалту, у тым ліку ў якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы на патрэбы эканамічнага развіцця.
Паўліна Валіш