Журналіст наведаў рэстарацыю «Поедем, поедим» на Менскай кальцавой побач з урочышчам Курапаты – і апісаў уражанні.
Іван Мураўёў апублікаваў здымкі з рэстарацыі. На іх, між іншага, бачна, што ў «Поедем, поедим» прадаюць гарэлку ў сувенірных бутэльках у выглядзе пісталета і патрона.
«Я магу выказаць здагадку, што не ведалі, што за месца. Я магу зразумець, што ўклалі шмат грошай у рэстаран. Я магу зразумець, што хочацца адбіць сродкі. Я разумею, што файна мець адмысловую гарэлачную шафу-лядоўню з велізарным асартыментам саракаградуснай. Але прадаваць там гарэлку ў выглядзе кулі і пісталета – гэта верх цынізму », – напісаў Іван.
«Мы замовілі там ежу, пакуль яе гатавалі, я зрабіў здымкі, але есці мы там не змаглі. Проста не змаглі. Там рэальна не лезе кавалак у горла, я зараз магу казаць пра свой асабісты вопыт і распавядаць пра свае адчуванні іншым людзям», – дадаў Мураў’ёў.
Гарэлку ў бутэльцы ў форме пісталету пад маркай «Афіцэр» выпускае менскі завод «Крышталь».
З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі.
Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек.
У суботу «Белсат» запытаў у жыхароў Менску пра стаўленне да сітуацыі вакол рэстарацыі. Бальшыня рэспандэнтаў заявілі, што падтрымліваюць абаронцаў Курапатаў, але далучыцца да актыўных дзеянняў – не гатовыя.
ДД