Распавядаем, хто прыйшоў на кастынг, каб зняцца ў кулінарным рэаліці-шоу «Белсату». Мы і самі не чакалі, што будзе так весела.
Кастынг для ўдзелу ў нашым рэаліці-шоу з бітвай кухараў мы зладзілі ў Менску. Удзельнікаў было шмат, таму мы выбралі тых, хто найбольш запомніўся.
Жэня Іўчанкаў – прафесійны бармен, 12 гадоў у рэстаранным бізнесе.
Ён увесь час «пракачваецца» на майстар-класах, у тым ліку па малекулярнай кухні: без праблемаў прыгатуе і пену, і сферу. Самы «вар’яцкі» кактэйль у ягоным выкананні складаўся з піва, яечнага жаўтка ды хатняга вішнёвага дыстыляту і смакам нагадваў шакаладны пірог з вішняй.
Нашая калега, якая на кастынгу грала зорку, заявіла, што не дакранецца да смузі ці супу-пюрэ, у якім «трапляюцца нейкія кавалачкі».
– А вы ніколі не спрабавалі гатаваць суп-пюрэ ці смузі ў сіфоне? – Жэня паставіў усіх у тупік. – Будзе вельмі крэмападобная тэкстура, вельмі лёгкая, бо ўсё ўзбіваецца газам NO2.
– І весела, напэўна?
– NO2 – гэта сапраўды газ весялосці, – бліснуў Жэня перад нашай памочніцай, якая паводле адукацыі апынулася хімікам.
Тэгла нарадзілася ў Грузіі, доўга жыла ў Маскве, па спецыяльнасці яна рэжысёр, скончыла Усерасейскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (ВГИК).
– Чаму вы мусіце мяне выбраць? Я страшэнна смачна гатую, як кожная грузінская жанчына. І я прыгожая (смяецца)», – называе яна свае аргументы.
Аказалася, што нашая ўмоўная зорка не хоча есці «ліпкага». Тэгла высветліла, што гэта вустрыцы ды слімакі, і запрапанавала падаць іх з соусамі, якія гэтую ліпкасць замаскіруюць.
– І будзе вельмі прыгожа аформлена, – паабяцала яна.
– Галоўнае, каб раніцаю было нармальна.
– Ну, гэта ўжо не ў маёй кампетэнцыі, бо калі яны будуць свежыя, то гарантую, што раніцаю ўсё будзе добра. А калі не…
– …то лепей выпіць бутэльку гарэлкі, – падхапіла «зорка». На тым і парашылі.
Алена Мікульчык – шэф-кухар, эксперт у беларускай кухні ды гісторыі кулінарыі.
Гатуе беларускія стравы для прыёмаў, у якіх удзельнічаюць высокапастаўленыя асобы. Адзін з апошніх адбыўся ў Пекіне, з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі. Трэба было накарміць намесніка міністра вонкавых справаў КНР, які, як папярэдзілі Алену, на вечаровых прыёмах да ежы не дакранаецца. Але калі дыпламат з прыёму сабраўся ўцякаць, затрымаць яго папрасілі менавіта нашую гераіню.
– Я іду да падносу, на якім – крамбамбуля, шляхецкія цукеркі без цукру паводле рэцэпту канца ХІХ стагоддзя і жытнія пернікі з мёдам ды ільняным насеннем. Акурат у Пекіне жудасна горача, і ўсе прагнуць дажджу. А пернікі – гэта ж непасрэдная адсылка да Пяруна [бог навальніцы ў славянскай міфалогіі – рэд.]. І я – да намесніка міністра. Кажу, ёсць у нас такое боства (ведаю, што і ў кітайскай міфалогіі таксама ёсць), і што мы павінны скласці яму ахвяру, каб пайшоў дождж.
Карацей, дыпламат усё ж застаўся на вячэру, а на наступны дзень пайшоў дождж.
Марына – брэнд-шэф-кухар Беларусі, дыетолаг, тэхнолаг харчавання, уваходзіць у зборную шэф-кухараў Расеі, сябра дэгустацыйнай камісіі конкурсу «Чемпион вкуса», доктар эканамічных навук.
Яшчэ яна – праціўніца модных дыет, асабліва тых, што рэкамендуюць не спажываць соль і цукар.
– Без солі клетка чалавека не можа існаваць. Не заўтра, не паслязаўтра, але праз 10 гадоў нашая скура страціць пругкасць. Без цукру немагчымая праца мозгу. І зноў, мы не цяпер гэта ўбачым, а гадоў праз 20-30.
Нашай «зорцы», якая не любіць тушаную капусту, Марына сказала, што з капустаю «трэба размаўляць». І са спецыямі таксама. Тады ўсё атрымаецца.
Раман – шэф-кухар, прайшоў адбор да ўдзелу ў майстар-класе, які ладзяць зоркі Michelin у Беларусі.
Раман – адмысловец у мясных стравах, у тым ліку з вушэй і мазгоў. Ад яго мы даведаліся, што ў Беларусі сапраўды добрай ялавічыны не знайсці, трэба замаўляць у Японіі. Затое «літоўскія хлопцы» вырабляюць у Лідзе добрую індычку.
Алесь Белы – гісторык беларускай кухні, гаспадар сядзібы «Марцінава гусь», блогер, публіцыст.
Як аўтар, які піша пра гісторыю кухні, Алесь любіць стравы, за якімі стаіць знакавая падзея ці лёс вядомай асобы. Напрыклад, калдуны графа Тышкевіча. Да спадобы яму і стравы на памежжы беларускай ды габрэйскай кухняў: напрыклад, імберлех ці цымус. А яшчэ ён эксперыментуе з настойкамі. Апошнім часам – на расліне з незвычайнай назваю «сармацкае кадзіла».
Валерыя Пракоф’ева – па спецыяльнасці журналіст, вядоўца вегетарыянскіх курсаў.
Яна ўмее рабіць «рыбу» з адыгейскага сыру і лісця норы. А яшчэ захапляецца «тэмай шчасця» і лічыць, што кулінарыя – гэта жаночая магія.
– З дапамогаю кулінарыі жанчына можа тварыць цуды. Калі жанчына корміць мужчыну з любоўю, гэты мужчына вельмі хутка звярне на яе ўвагу, – падзялілася Валерыя, дадаўшы, што сам мужчына гатаваць не абавязаны.
Хто пройдзе адбор і выступіць у праграме? Сачыце за намі на nebudu.belsat.eu, а таксама: «ВКонтакте», на Facebook, у «Одноклассниках» и в Instagram.
ІА, belsat.eu