Лукашэнка пра кнігі Святланы Алексіевіч: Ну, іх не так шмат...


Падчас нефармальнай размовы са шведскім амбасадарам Марцінам Обергам ён загадаў, каб дыпламату падаравалі кнігі пісьменніцы ад імя кіраўніка Беларусі.

Сустрэча з прадстаўнікамі дыпмісій адбылася на пасадцы дрэваў міру ў гонар 70-годдзя заканчэння вайны і заснавання ААН, піша euroradio.fm.

Марцін Оберг павіншаваў Лукашэнка з Нобэлеўскай узнагародай Святланы Алексіевіч.

«І толькі з гэтым?» – перапытаў Лукашэнка і тут жа супакоіў яго, што жартаваў.

Кіраўнік Беларусі таксама заўважыў, што калі б Алексіевіч не прысвоілі прэмію, ён бы не ведаў, хто яна такая.

«Кажуць, яна апазіцыянерка нейкая, а я не чуў пра гэта. Таму вы не слухайце што там, апазіцыянерка – не апазіцыянерка. Ніякая яна не апазіцыянерка. У яе ёсць сваё меркаванне. Яно было і ў савецкія часы гэтае меркаванне. Ну, кожны чалавек мае права меркаванне гэтае мець пры сабе і выказваць. Ну яна на барыкады нікога не клікала…».

Оберг адзначыў, што сам мусіць прачытаць кнігі Алексіевіч, на што Лукашэнка адказаў:

«Іх не так шмат. Я вам магу падарыць пяць гэтых кніг і вы іх прачытаеце. Вы ж на рускай добра чытаеце? Уладзімір Уладзіміравіч (міністр замежных спраў Макей), ад майго імя падарыце паслу апошняе выданне».

Лукашэнка «праехаўся» па Святлане Алексіевіч падчас творчага вечара расейскага кампазітара Віктара Дробыша.

«Народ чакае рэформаў, у народзе сабралася энергія. А ў нас наагул ніякай ідэі: толькі б утрымаць уладу», – скаментавала нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч крытычныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі на ейны адрас.

ДР, belsat.eu паводле euroradio.fm

Стужка навінаў