Стэнд «Белзнешпрамсервісу» на выставе «Мілекс-2014»
ЗША падазраюць аднаго з трох (акрамя «Белзнешпрамсервіс», зброяй гандлюе «Белспецзнештэхніка» і «Белтэхэкспарт») беларускіх спецэкспарцёраў у парушэнні амерыканскага заканадаўства аб нераспаўсюдзе тэхналогіяў для вытворчасці зброі масавага паражэння.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартаменту ЗША, якое будзе апублікавана 5 ліпеня, паведамляе ej.by.
Санкцыі ўводзяцца на два гады. Паводле амерыканскага ўраду, кампанія падазраецца ў пастаўках Ірану, Паўночнай Карэі і Сірыі забароненых тэхналогіяў, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці зброі масавага паражэння і ракетнай тэхнікі.
«Белзнешпрамсервіс» быў створаны ў 1991 годзе.
У санкцыйныя спісе Дзярждэпартаменту фігуруюць больш за 40 фізічных і юрыдычных асобаў з Кітаю, Іраку, Ірану, Малайзіі, Паўночнай Карэі, Судану, Сірыі ды Уганды. Ад Расеі ў «чорны спіс» трапіла маскоўскае канструктарскае бюро (КБ) «Кунцево», КБ машынабудавання з Каломны і 150-ты авіярамонтны завод з Калінінграду.
Нагадаем, што 19 верасня 2012 года Міністэрства фінансаў ЗША абвінаваціла беларускую кампанію ў пастаўках засцерагальнікаў для сірыйскіх авіяцыйных бомбаў.
Фота: vivascalemodels.com