Міліцыя знайшла ў сеціве відэа канфлікту школьніка з настаўнікам і вырашала ўмяшацца


У Telegram-канале міліцыі Менску паведамляецца, што цяпер праводзіцца праверка па факту дзеянняў вучня аднаго са сталічных каледжаў, які канфліктаваў з настаўнікам.

Намеснік начальніка Завадскога РУУС Менску Дзмітрый Шумілін.
Фота:  police_minsk / Telegram

«Падчас маніторынгу сацыяльных сетак супрацоўнікамі міліцыі выяўлены відэаролік, на якім падлетак выбівае кнігу з рук выкладчыка падчас навучальнага працэсу», – зазначаецца ў прэс-рэлізе.

Сілавікі адразу знайшлі падлетка: ім аказаўся 16-гадовы навучэнец аднаго са сталічных каледжаў. Аператара відэаздымкі таксама знайшлі.

Пасля гэтага ў каледж прыехаў намеснік начальніка Завадскога РУУС Менску палкоўнік Дзмітрый Шумілін і начальнік інспекцыі па справах няпоўнагадовых маёр міліцыі Ларыса Палачанская, яны сабралі ўсіх навучэнцаў і правялі з імі прафілактычную гутарку аб недапушчальнасці падобных паводзінаў.

Пры гэтым са школьнага відэа, якое прыклалі да прэс-рэлізу сілавікі, абсалютна не зразумела, што адбылося ў класе, і хто быў вінаваты ў канфлікце. Бачна толькі, што пасля інцыдэнту вучань выбягае з класу, а за ім ідзе настаўнік.

«Па дадзеным факце праводзіцца праверка, дзеянням непаўналетняга будзе дадзена прававая ацэнка», – падкрэсліваюць у міліцыі.

Сілавікі не ўдакладняюць, як могуць быць кваліфікаваныя дзеянні падлетку і якое пакаранне яму пагражае.

Цікава, што з прэс-рэлізу сталічнай міліцыі вынікае: кіраўніцтва каледжу і сам педагог, з якім сварыўся вучань, не прасілі міліцыю аб дапамозе – рашэнне ўмяшацца ў школьны канфлікт была выключна ініцыятывай сілавікоў.

План: Б
Як абараніць дзяцей ад педафілаў?
2024.04.15 16:32

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў