У Горадні асудзілі мужчыну за кветкі пад партрэтам Навальнага


У Горадні асудзілі мужчыну за кветкі і партрэт Аляксея Навальнага, пакладзеныя ім каля генеральнага консульства РФ, піша «Hrodna.life».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: nv.ua

Мужчына прыехаў на таксі да генконсульства Расейскай Федэрацыі ў Горадні, паклаў каля яго агароджы фотаздымак Аляксея Навальнага і два гваздзікі, пасля чаго зняў гэта на тэлефон.

Супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжурылі побач, затрымалі мужчыну. Пазней у судзе Ленінскага раёна Горадні яго судзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), бо ягоныя дзеянні палічылі пікетам, які праводзіўся без дазволу Гарадзенскага гарвыканкаму. Адпаведнае рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў, адзначае выданне.

Мужчыну асудзілі на 10 содняў. Пры гэтым, адзначаецца, што сам абвінавачаны «прызнаў» сваю віну.

Звестак пра асобу асуджанага няма, бо ягоныя дадзеныя былі ананімізаваныя. Вядома, што ён мае сярэднюю адукацыю, жанаты, беспрацоўны, не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Пражывае ў Расеі (але хто ён па нацыянальнасці, беларус ці расеец, таксама невядома).

Нагадаем, што Аляксей Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе 16 лютага, паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі.

Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. Развітанне з расейскім палітыкам адбудзецца 1 сакавіка. Адпяванне пройдзе ў храме ў маскоўскім раёне Мар’іна, а пахаванне – на Барысаўскіх могілках на поўдні расейскай сталіцы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў