Кіраўнік Мінабароны Вялікай Брытаніі: Расея і Кітай – гэта прамая пагроза


Кіраўнік Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі Грант Шапс заявіў, што Расея і Кітай уяўляюць пагрозу дэмакратычным каштоўнасцям, і выказаў заклапочанасць цеснымі адносінамі гэтых дзвюх краінаў, паведамляе Sky News.

Візіт Уладзіміра Пуціна ў Кітай.
Фота: kremlin.ru

У размове з журналістамі Грант Шапс адзначыў, што Уладзімір Пуцін забівае сваіх апанентаў, а кіраўнік КНР Сі Цзінь Пін «не раздзяляе нашыя каштоўнасці свабоды і дэмакратыі».

«Калі ў нас такая сітуацыя, і яны спрабуюць распаўсюдзіць сваю сістэму на астатні свет, мы павінны зразумець і адкрыць вочы, што гэта прамая пагроза нашаму ладу жыцця», – адзначыў кіраўнік брытанскага Міністэрства абароны.

Таксама, паводле Шапса, рызыку ўяўляе тое, што Расея мае сувязі з Іранам і Паўночнай Карэяй.

«Гэта не добра для тых, хто любіць дэмакратыю», – заявіў Шапс.

Нагадаем, што 16–17 траўня Уладзімір Пуцін адправіўся з афіцыйным візітам у Кітай. Гэта быў адзін з першых візітаў расейскага кіраўніка пасля інаўгурацыі, якая прайшла 7 траўня. Падчас візіту кітайскі лідар зрабіў заяву аб тым, што КНР гатовая працаваць з Расеяй «як добры сусед, сябар і партнёр, на падставе ўзаемнага даверу», а сам ён «гатовы ўмацаваць сяброўства паміж двума народамі для наступных пакаленняў».

Фактаў, якія б даказвалі, што Кітай падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны, пакуль няма, тым не менш вядома, што Пекін пастаўляе ў РФ так званыя тавары двайнога прызначэння, якія пасля могуць выкарыстоўвацца ў ваеннай прамысловасці. Акрамя таго, дзякуючы продажу расейскай нафты і газа, а таксама пастаўкам электронікі, прамысловага абсталявання, аўтамабіляў, таваразварот паміж гэтымі дзвюма краінамі вырас да 240 мільярдаў долараў, што ў два разы больш, чым у 2020 годзе.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў