Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 6 «Голас дыяспараў»


«Белсат» працягвае адмысловы праект з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У яго межах мы знаёмім выбарнікаў са спісамі, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожны з лідараў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Лідарка беларускай суполкі ў Сан-Францыска Надзея Нортан. Фота для рэдакцыі

Гэтым разам прэзентуем спіс «Голас дыяспараў – Адзінства па-над межамі». Узначальвае яго Надзея Нортан, лідарка беларускай суполкі ў Сан-Францыска, заснавальніца і першая прэзідэнтка Асацыяцыі беларусаў Амерыкі. Агулам у спісе – 13 асобаў. Сярод іх – юрыст «Human Rights Impact», праваабаронца Раман Кісляк, дзейная віцэ-спікерка КР Вольга Павук, лідарка фемфракцыі ў дзейнай КР, гендарная экспертка Юлія Міцкевіч. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар «Голасу дыяспараў – Адзінства па-над межамі» ў выбарчым бюлетэні – 6.

Што нам адказалі ў «Голасе дыяспараў – Адзінства па-над межамі»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Захаванне незалежнасці і дэмакратычныя змены.

Абмежаванне ўлады і спыненне рэпрэсіяў.

Захаванне беларускай ідэнтычнасці і нацыянальных каштоўнасцяў.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

Недастатковае аб’яднанне і каардынацыя ўзаемадзеяння сярод дэмакратычных сілаў.

Не стае веры ў сябе, уласныя сілы, мы мусім паверыць, у тое, што мы сапраўды здольныя стаць рухавіком пераменаў у Беларусі.

Наяўнасці рэсурсаў для стварэння і распаўсюду высакаякаснага прадукту, скіраванага на ўзмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці.

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Лукашэнка – узурпатар, які шляхам фальсіфікацыі выбараў незаконна захапіў уладу ў краіне.

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Лідаркаю беларускіх дэмакратычных сілаў, якая атрымала найбольшае падтрыманне ад беларусаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Мы выступаем за ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі для спынення рэпрэсіяў і правядзення сапраўдных дэмакратычных выбараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» прайшла ў польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 17 верасня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Мы падтрымліваем негвалтоўныя сцэнары змены ўлады ў Беларусі.

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

У гэтых пытаннях мусіць быць праведзены рэферэндум і прынятае рашэнне згодна з воляю беларускага народу.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Беларусь павінна выйсці з АДКБ, «Саюзнай дзяржавы», СНД і Еўразійскага эканамічнага саюзу.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

У Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова – беларуская, з паслядоўным працэсам увядзення ў якасці адзінай мовы і свабодай ужывання моваў прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў.

10. Ці падтрымліваеце вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Так, дэкамунізацыю мы лічым важным этапам пабудовы Свабоднай Беларусі на падставе беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Нашая каманда падтрымлівае правы чалавека, у тым ліку свабоду сумлення і веравызнання.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Мы выступаем за гендарныя квоты для жанчын як часовы механізм пераходнай дэмакратыі да часу, пакуль не будзе неабходным яго ўжываць дзеля забеспячэння раўнапраўнага ўдзелу ў палітыцы і сферы прыняцця рашэнняў.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Мы выступаем за правы прадстаўнікоў ЛГБТК+, кожны і кожная мае права абіраць сваю гендарную і сексуальную ідэнтычнасць, мець роўныя з астатнімі правы, свабоды і магчымасці ды не быць дыскрымінаваным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Неабходна рэформа гэтага сектару эканомікі з улікам меркавання грамадзянаў Беларусі на гэты конт і захавання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Мы выступаем за рэформу сацыяльнай палітыкі ў Беларусі і сапраўднае падтрыманне ўразлівых групаў беларускага грамадства. Гэта абавязак дзяржавы!

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Мы за перагляд справаў паводле артыкулу 328 КК, шмат людзей па гэтаму артыкулу атрымалі несправядлівы прысуд. Мы падтрымліваем легалізацыю канабісу на Беларусі.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Так, усе, хто браў удзел у падтрыманні ўзурпацыі ўлады, фальсіфікацыі выбараў, браў удзел у рэпрэсіях, мусяць прайсці працэдуру люстрацыі.

18. Ці ёсць Беларусь суўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Тут трэба адрозніваць, рэжым Лукашэнкі і беларускі народ. Бо менавіта рэжым Лукашэнкі ў 2022 годзе прыняў самастойнае рашэнне стаць суагрэсарам у поўнамаштабнай вайне ва Украіне, але ж большасць насельніцтва Беларусі не падтрымлівае гэтай вайны.

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Мы гатовыя падтрымліваць супрацу з дэмакратычнымі сіламі суседніх дзяржаваў, пры ўмове, што яны прызнаюць і падтрымліваюць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Вяртанне дзяржаўных сімвалаў – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Адносна новага дзяржаўнага гімну трэба абвесціць агульнанацыянальны конкурс і абраць тое, што будзе да спадобы бальшыні беларусаў.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў