Карпянкоў аб’яднаў «вайскова-патрыятычныя клубы» ў фонд «Маладая гвардыя»


Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў 19 траўня прэзентаваў фонд «Маладая гвардыя», які аб’ядноўвае 18 «вайскова-патрыятычных клубаў», у склад якіх уваходзяць больш за 2 тысячы дзяцей па ўсёй Беларусі.

Навучэнцы «вайскова-патрыятычных клубаў»
Навучэнцы «вайскова-патрыятычных клубаў» на прэзентацыі фонду «Маладая гвардыя». Менск, Беларусь. 19 траўня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Пра адкрыццё фонду абвясцілі ў вайсковай частцы 3214 – базе ўнутраных войскаў у менскім Уруччы.

«Нашыя выхаванцы паспяхова засвойваюць ваенную навуку, – казаў Мікалай Карпянкоў. – Ужо ёсць першыя выпускнікі і тыя, хто паступіў у ведамасныя навучальныя ўстановы ці пайшоў служыць паводле кантракту».

Ён растлумачыў, што ўзяў назву савецкай падпольнай арганізацыі, бо беларускія дзеці – праўнукі пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны.

У ліку прысутных на адкрыцці быў былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі і суўладальнік «Брэміна груп» Аляксандр Зайцаў, прапагандыст і старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант і іншыя, у тым ліку дырэктарка фонду, змагарка з анархістамі Ала Веруш, якая выгадавала дачку-нацыстку.

Галоўная ідэя фонду «Маладая гвардыя», як сцвярджаецца, у тым, каб развіваць «патрыятычны рух» сярод моладзі і прыцягваць на гэта спонсарскую дапамогу. У апякунскую раду ўвайшлі 13 асобаў, сярод іх – палітыкі, прадпрымальнікі і супрацоўнікі дзяржаўных медыяў.

Дзяцей, як паказалі на цырымоніі, навучылі рукапашнаму бою, зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава, стральбе з розных відаў зброі, кіраванню дронамі.

Навучэнцы «вайскова-патрыятычных клубаў»
Навучэнцы «вайскова-патрыятычных клубаў» на прэзентацыі фонду «Маладая гвардыя». Менск, Беларусь. 19 траўня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Улады робяць ухіл на вайсковую адукацыю школьнікаў. Толькі за гэты навучальны год колькасць кіраўнікоў гэтак званага вайскова-патрыятычнага выхавання павялічылася на 400 асобаў, значна перавысіўшы дзве тысячы ваенрукоў. У гэтак званых вайскова-патрыятычных класах навучаюцца амаль 4 тысячы дзяцей. Яшчэ ёсць кадэцкія вучэльні, у якіх агулам у Беларусі – 1800 падлеткаў.

Карпянкоў паралельна займаецца стварэннем усё новых атрадаў спецназу для «барацьбы з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі». Гэтыя «карпянкоўцы» ўжо ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях.

Разбор
Ці зможа дзяржава прымусіць беларускіх школьнікаў любіць яе?
2024.04.11 07:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў