Мaю прaвa Звальненне як метад барацьбы з нязгоднымі


Год таму жыхарка Заслаўя Аксана Урублеўская ўладкавалася на працу ў мясцовую краму «Гіпа». Але ўжо праз тыдзень паведаміла кіраўніцтву пра незадавальняльныя ўмовы працы. Аксана захацела звольніцца, але аказалася, што гэта не так і лёгка.

«У цябе кантракт – на год, без выпрабавальнага тэрміну, працуй, калі ласка, да канца! Прывыкай! Я з усёй моцы намагалася гэта зрабіць, але разумела, што гэта не маё месца, – распавядае Аксана. – Мінула і два месяцы, і тры, я разумела, што не хачу, не магу!»

Тады нашая гераіня вырашыла звярнуцца па дапамогу ў незалежны прафсаюз і зняла на відэа парушэнні ўмоваў на сваёй працы.

«Вось на гэтым відэа ў нас прусакі распаўзаюцца па скрынцы, і гэта дзіцячае харчаванне, яно вось так вось хаатычна захоўваецца ў краме «Гіпа», – каментуе нам відэа Аксана. – А вось гэта маленькія прусачкі на касавай стужцы, значыць, яны там жывуць, нараджаюць…»

Прусакі ў каробцы з дзіцячым харчаваннем. Скрыншот з відэа Аксаны Урублеўскай

Таксама Аксана звярнулася ў Дэпартамент інспекцыі працы, каб усе парушэнні былі зафіксаваныя афіцыйна.

«Праверкі праводзіліся каля месяца, і мне прыйшлі адказы. Адказы з Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, што ўсе парушэнні, якія былі зафіксаваныя ў маёй заяве, былі выяўленыя», – кажа Аксана.

Пасля гэтага адміністрацыя крамы звольніла нашую гераіню паводле артыкулу «Сістэматычнае невыкананне ўскладзеных абавязкаў».

Кіроўцу прымушаюць працаваць на гнілым ламаччы і пагражаюць звольніць

Каб прыбраць ганебны запіс з працоўнай кніжкі, Аксана Урублеўская звярнулася ў суд.

«Суд пастанавіў аднавіць мяне на працы, сплаціць усе кампенсацыі за час вымушанага прагулу – памерам 2600 рублёў, кампенсацыю маральнае шкоды 300 рублёў – усяго 2900 рублёў», – распавядае Аксана.

Сведкаю парушэнняў на судзе выступіла Валянціна Радзюк, былая калега Аксаны.

«Чаму іншыя дзяўчаты маўчаць, я не ведаю, – кажа Валянціна. – Хутчэй за ўсё, дзяўчаты папросту баяцца».

Валянціне пашчасціла звольніцца з «Гіпа» на згоду бакоў.

«Я не ведаю, чаму мне так пашчасціла. Або ў мяне быў больш кароткі тэрмін працы на той момант і яны папросту нічога не знайшлі, каб звольніць мяне паводле артыкулу, – тлумачыць В. Радзюк. – Я не ведаю, але мне падаецца, што гэта быў удар у адказ на дзеянні Аксаны».

Мы звярнуліся ў галоўны офіс «Гіпа», каб пачуць іхную версію канфлікту з Аксанаю Урублеўскай. Вядучая спецыялістка камерцыйнага ўпраўлення «БелВілесдэн» адмовілася назвацца, але вось што мы ад яе пачулі:

«Я не валодаю інфармацыяй, таму што сяджу ў офісе, а яны сядзяць на месцы. Таму мы атрымліваем афіцыйны запыт, накіроўваем канкрэтнай службе, якая валодае інфармацыяй, і рыхтуем афіцыйны адказ».

На нашае пытанне, ці можам як-небудзь патэлефанаваць у тую ж заслаўскую краму, атрымалі вось такі адказ.

«Як вы можаце быць упэўненыя, што слухаўку здыме дырэктар? Можа, гэта праходзіла прыбіральшчыца, зняла слухаўку і назвалася дырэктарам! Таму мы давяраем толькі таму, што напісана рукою, з подпісам і пячаткаю».

Бязладдзе ў сельскай гаспадарцы: мізэрны заробак і зламаная тэхніка

Пасля аднаўлення на працы Аксана Урублеўская яшчэ паўгода намагалася звольніцца. Але кіраўніцтва яе тады так і не адпусціла.

«Нягледзячы на тое, што ў «Гіпа» я ўжо не працую – мой кантракт скончыўся, я ўсё роўна вырашыла адстойваць свае правы. Хачу, каб мяне звольнілі паводле артыкулу 41, у выніку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы!»

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У рубрыцы «Ведай свае правы!» – пра парушэнні з боку наймальніка
  • Беларусы – пра змены ва ўмовах працы
  • У Фаніпалі жыхары занепакоеныя суседствам з мабільнаю вежай
  • У Баранавічах людзі спрабуюць ратавацца самаробнаю плацінаю

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары