Змітра Дашкевіча выкралі з працы дзеля тлумачэнняў


Змітра Дашкевіча выкралі з працы дзеля тлумачэнняў

Лідара Маладога Фронту Змітра Дашкевіча сілавікі фактычна выкралі з працы. Паматляўшы нейкім пасведчаннем перад тварам грамадскага актывіста, невядомы запрасіў яго на размову ў РУУС. Зміцер папрасіў, каб яму далі магчымасць папярэдзіць жонку, якая была ўдома з двума малымі дзецьмі, каб тая не хвалявалася. Замест гэтага чалавек з 10 накінуліся на спадара Дашкевіча і завалаклі ў мікрааўтобус. У пастарунку Змітра пратрымалі некалькі гадзінаў. Увесь гэты час перапалоханая жонка шукала яго, але ў райаддзеле міліцыі ёй паведамілі, што ў іх няма такога затрыманага.

Грамадзяне распавялі, як абараніцца ад міліцыянтаў

Апошнім часам у медыях неаднаразова з’яўляліся паведамленні пра выпадкі неабгрунтаванага ўжывання фізічнае сілы працаўнікамі міліцыі. Праваахоўнікі памылкова ўрываліся ў кватэры ды затрымлівалі грамадзянаў. Мы запыталіся ў мінакоў на вуліцах сталіцы, дзе, на іхную думку, праходзіць мяжа дазволенага для праваахоўных органаў.

Раварыст шэсць гадоў намагаецца даказаць сваю невінаватасць

У ліпені 2010 года мянчук Сяргей Капанец ехаў на ровары веласцяжынаю, побач пешаходнаю часткаю дарогі ішла жанчына і пхала нагою дзіцячы вазок. Раптоўна вазок апынуўся на шляху раварыста. Каб пазбегнуць сутыкнення, Сяргей выкарыстаў экстранае тармажэнне. У выніку здарэння ён зламаў руку і атрымаў іншыя пашкоджанні, жанчына і дзіця асабліва не пацярпелі. Родзічы пешахода выклікалі на месца выпадку міліцыю і ДАІ, у выніку раварыст апынуўся вінаватым. Пасля шасці гадоў змагання, дзясяткаў судовых паседжанняў Сяргей не можа даказаць сваю невінаватасць і мусіць сплаціць «пацярпелай» жанчыне грашовую кампенсацыю.

Суд не задаволіў пазоў фатографа да Белтэлерадыёкампаніі

Вядомы блогер і фатограф Антон Матолька падаў у суд пазоў на Белтэлерадыёкампанію за выкарыстанне ягоных здымкаў без дазволу і без прыгадвання прозвішча аўтара. Спачатку ён патрабаваў кампенсацыі маральнае шкоды памерам 420 рублёў за дзве фатаграфіі, затым абвесціў, што яму будзе дастаткова і аднаго рубля. Вярхоўны суд не задаволіў пазоў і не прызнаў фатаграфіі паўночнага ззяння, зробленыя спадаром Матолькам і размешчаныя ў сацыяльных сетках, аб’ектамі аўтарскага права.

Гараджане наракаюць на занадта моцны гуд матацыклаў

Пяць гадоў на тэрыторыі Мытнага звязу бяспеку колавых транспартных сродкаў рэгламентуе адпаведны дакумент. Прапісалі ў ім і нарматыў гучнасці матацыклаў. Аднак у час мотасезону жыхары ажыўленых гарадскіх магістраляў скардзяцца на моцны гуд двухколавых жалезных коней. Справа ў тым, што рэгламент ёсць, а вось адпаведнага абсталявання замерыць ровень шуму матацыклаў у працаўнікоў ДАІ дагэтуль няма. Таму аматараў праехацца не толькі з ветрыкам, але і з моцным гукам прыцягнуць да адказнасці немагчыма. Цяпер жа гараджане могуць уздыхнуць з палёгкаю – мотасезон да красавіка наступнага году закрыты.