«Злодзей мусіць сядзець!» Пратэсты ў Румыніі набіраюць абароты




У нядзелю ўвечары на вуліцы Бухарэсту выйшлі каля 15 тыс. чалавек. Людзі пратэставалі супраць рашэння ўраду абвесціць амністыю паводле шэрагу крымінальных злачынствах.

Да пратэстоўцаў нават далучыўся прэзідэнт краіны Клаўс Ёганіс.

Пратэсты праходзяць не толькі ў Бухарэсце, але і ў шэрагу іншых буйных гарадоў. Cацыял-дэмакратычны ўрад плануе выпусціць датэрмінова з турмаў асуджаных за карупцыю, а таксама выключыць з крымінальнага кодэксу артыкул аб злоўжыванні ўладаю з нанясеннем шкоды бюджэту на суму менш за 200 тыс. лееў (каля $ 47,5 тыс.).

«Я быў тут, на Універсітэцкай плошчы, падчас рэвалюцыі 27 гадоў таму, і я бачу, што з таго часу мала што змянілася. Крадзеж дагэтуль існуе. Я пратэставаў у надзеі, што мае дзеці ды ўнукі змогуць убачыць лепшыя часы», – кажа пратэстовец з Бухарэсту Ёан Ілінкута.

Урад сваё рашэнне аргументуе неабходнасцю разгрузіць перапоўненыя вязніцы. Змены ён плануе ажыццявіць не праз галасаванне ў парламенце, а праз уласную пастанову. Такое рашэнне выклікала крытыку Нацыянальнай управы барацьбы з карупцыяй і генеральнага пракурора. У нядзелю ўвечары да пратэстоўцаў далучыўся прэзідэнт краіны Клаўс Ёганіс, які заявіў:

«Я прыйшоў на Універсітэцкую плошчу, як і тысячы грамадзянаў Румыніі, каб выказаць сваё абурэнне. Кучка палітыкаў з крымінальнымі справамі хоча змяніць і аслабіць сілу закону ў Румыніі. Непрымальна, каб праз змену заканадаўства дзясяткі і сотні палітыкаў, якія маюць праблемы з законам, аказаліся б чыстыя і працягнулі парушаць закон, румыны абураныя справядліва».

Жыхары Румыніі асцерагаюцца, што дзякуючы прыняццю паправак на свабоду выйдуць не толькі карумпаваныя палітыкі, але і іншыя небяспечныя злачынцы. Людзі патрабуюць вынесці гэтае пытанне на агульнанацыянальны рэферэндум. Пратэстоўцы скандавалі лозунгі «Злодзеі мусяць сядзець у турме», «Закон для абароны грамадзянаў, а не палітыкі», «Амністыя разбурыць Румынію».

«Я адчуваю сябе прыгнечана, вось чаму я прыйшоў сюды, каб вызваліць сябе ад гневу. Далоў урад! Мы хочам справядлівыя законы! Яны мусяць выносіць гэта на рэферэндум, калі мы хочам амністыю! Калі мы хочам вызваліць вязняў!» – мяркуе яшчэ адзін пратэстовец.

Пратэст прайшоў мірна. Ад працаўнікоў праваахоўных органаў не паступала ніякай інфармацыі аб закалотах або пацярпелых.

Глядзіце таксама:

  • Трамп пра пратэсты супраць Трампа: «Актыўнымі трэба было быць раней»

Ігар Віняўскі, belsat.eu