Зламаныя аўты і штрафы: вяскоўцы робяцца закладнікамі праз разбураную дарогу


Дарога ў вёсцы Вязанка Дзяржынскага раёну адна. Альтэрнатыўных выездаў няма. Неяк увесну жыхар вёскі Валянцін Трокскі вырашыў з’ездзіць на аўтамабілі па справах у горад. Аднак далёка не заехаў.

«Не даязджаючы некалькіх метраў да наступнага дому, я захрас у глыбокай яміне, якая не была бачная з-за бруду і вады. Пры спробе выехаць з яе аўтамабіль зламаўся», – распавядае Валянцін.

Як таго патрабуюць Правілы дарожнага руху, спадар Валянцін выклікаў Дзяржаўтаінспекцыю.

«Прыехаў інспектар і склаў пратакол, што я парушыў Правілы дарожнага руху. На словах мне інспектар патлумачыў, што выбраў няправільную дарогу для свайго руху», – узгадвае кіроўца.

Спадар Валянцін зрабіў некалькі фотаздымкаў з месца здарэння і стану вясковае дарогі і выклаў іх у сацыяльныя сеткі. Літаральна праз дзень у вёсцы распачаліся дарожныя работы. Аднак вяскоўцаў вынікі рамонту дарогі не задаволілі.

«Троху ўзрадаваліся: нібы засыпалі, можна праехаць. Пад’ехалі да нашай любімай горкі, а на яе немагчыма ўзняцца, – распавяла спадарыня Ганна. – Такая каляіна, што нават джып не праедзе. Рабочыя прысыпалі трошку, нібы ўсё добра. У вёску праехаць немагчыма».

Бацькі Віктара Гардзіевіча жывуць у Вязанцы, і ў выпадку чаго да іх не зможа прыехаць дапамога.

«Ні хуткая не можа прыехаць. Людзі ва ўзросце ўжо. За імі патрэбны кантроль увесь час і г.д.», – скардзіцца спадарыня Ніна.

Гаспадары чатырох аграсядзібаў, якія месцяцца ў вёсцы, таксама ў роспачы.

«У галаве не ўкладаецца, як можна за 2 км ад Менску не зрабіць дарожна-пад’язных шляхоў. Бізнес у заняпадзе не толькі ў мяне, ва ўсіх падобныя праблемы, – кажа гаспадыня аграсядзібы Ірына Тамілава. – Калектыўныя звароты аб стане дарожнага палатна накіроўваем з 2007 года… Атрымліваем адпіскі – дарога адпавядае патрабаванням».

Мы намагаліся звязацца са старшынём сельскага савету і з кіраўніцаю справамі сельскага выканкаму. Аднак на пазначаных нумарах нам так ніхто і не адказаў.

Грамадскі актывіст Віктар Барташэвіч раіць вяскоўцам сфатаграфаваць сваю дарогу і накіраваць здымкі ў Міністэрства архітэктуры. А ўжо з адказамі дзейнічаць далей.

«Напісаць скаргу ў пракуратуру на бяздзейнасць чыноўнікаў. У скарзе трэба казаць наступнае: просім распачаць меры пракурорскага рэагавання, даць прававую ацэнку і пакараць вінаватых», – раіць Барташэвіч.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Неспадзяваныя пасткі платных дарог
  • Жыхары Меншчыны наракаюць на сваю дарогу
  • Беларусы – пра тое, куды ідзе дарожны падатак
  • Як гомелец не стаў кіроўцам

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.