Гарачы каментар Жыхары Светлагорску перамаглі смуродны завод


А цяпер пераносімся на Гомельшчыну. У Светлагорску змагаліся супраць смуроду, гаварылі пра клопаты са здароўем, але завод цэлюлозы паўстаў. А пратэстоўцаў пераследавалі, судзілі і штрафавалі. І раптам завод прыпыніў сваю працу. Кітайскія спецыялісты пакінулі прадпрыемства, забраўшы з сабою электронныя платы кіравання абсталяваннем. Ці нехта адкажа? У сюжэце Алеся Залеўскага.

Жыхары Светлагорску перамаглі ў бітве супраць атрутнага заводу

Гады змагання з відавочнай шкодай завяршыліся перамогай, прынамсі, часовай. Але жыхары Светлагорску скептычныя адносна будучыні – яны, як ніхто, ведаюць кошт эпапеі з кітайскім заводам.

Жыхары Светлагорску кажуць:

«Аказваецца, шкодны. Моладзь з’язджае, са Слабады адтуль таксама стараюцца з’ехаць».

«Да таго, што гаварылі нават у Слабадзе, што калі ты супраць нешта скажаш, то выганяць з работы».

Завод спыніў працу яшчэ ў кастрычніку, тады ж грамадскасць атрымала адказ з Міністэрства прыродных рэсурсаў. Чыноўнікі прызналі, што першапачатковы праект не ўлічваў выкідаў у паветра смярдзючага і атрутнага для арганізму газу метылмеркаптану.

«Ён год труціў людзей у Светлагорску, гэты метылмеркаптан. Кіраўніцтва заводу, райвыканкам, тая ж нашая санэпідслужба казалі, што нічога няма, нічога шкоднага. Але яно шкоднае, і пра гэта нам напісалі спецыялісты з Хабараўскага ўніверсітэту, медыкі. Яны напісалі, што метылмеркаптан нават пры невялікай колькасці і малой колькасці ёду выклікае захворванне нервовай сістэмы і страўнікавай», – абураецца Алена Маслюкова, праваабарончы цэнтр «Вясна».

Хоць яшчэ да пабудовы заводу было сабрана больш за 10 тысяч подпісаў супраць, нізкая якасць вытворчага працэсу і экалагічныя негатыўныя наступствы ўжо тады былі відавочныя экспертам.

Пасля запуску заводу газ збіраўся ў нізінах навакольных вёсак і Светлагорску. Смярдзела ўсім, апроч чыноўнікаў, якія катэгарычна адмаўлялі праблемы.

Паводле нашых крыніцаў, кітайскі менеджмент і рабочыя пакінулі завод, ідзе новая экспертыза праекту. «БелЛесПапПрам» – канцэрн, які адказны за праект з беларускага боку, ад каментароў адмаўляецца.

«Што паслужыла прычынай такой сітуацыі? Гэта ўказ прэзідэнта, які дазволіў кітайцам будаваць завод паводле нормаў Кітайскай Народнай Рэспублікі, з далейшай адаптацыяй да нормаў Рэспублікі Беларусь», – тлумачыць Анатоль Змітровіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы, Светлагорск.

Цяпер пытанне – кітайскім бокам узяты перапынак у такой адаптацыі, ці беларускі бок спыніў інвестыцыйную дамову? Планавалася, што завод штогод будзе вырабляць 400 тысяч тон цэлюлозы, бальшыня якой пойдзе на экспарт. Агулам кошт праекту 850 мільёнаў долараў, з іх толькі каля двухсот – інвестыцыі кітайскай кампаніі, рэшта – дзяржаўны крэдыт Беларусі ад кітайскіх банкаў.

То бок грошы, якія незалежна ад будучыні праекту, вымушаныя будзем вяртаць мы або нашыя дзеці.

За справай ад самага пачатку сочыць журналіст-фрылансер Андрэй Толчын, які зараз з намі на сувязі:

«Улады заўсёды падманвалі людзей, што нібы няма гэтых метылмеркаптанаў, што будзе нават пахнуць ружамі. І калі мы з людзьмі размаўлялі і паказвалі на экранах, што адказваюць людзі, што на самай справе ідзе моцны пах, нават на сабе мы гэта адчувалі, але ўлады хацелі зрабіць такім чынам, быццам бы ўсё добра. Мясцовая ўлада ж дыхае тым самым паветрам, для мяне гэта было вельмі дзіўна, калі і міліцыянты прымалі ўдзел у рэпрэсіях супраць людзей. […] Ніякае працоўнае месца не каштуе жыццё чалавека…»

 

Глядзі таксама
Каментары