Жаночы валейбол у Беларусі: не гуляюць у еўракубках праз недахоп сродкаў


Валейбольны жаночы чэмпіянат Беларусі набірае абароты. У Берасці ў рамках чацвёртага туру нацыянальнага чэмпіянату сышліся дзейны срэбраны прызёр, мясцовае «Прыбужжа», і трэцяя каманда мінулага чэмпіянату, мазырская «Жамчужына Палесся».

Вікторыю з лікам 3:0 атрымалі гаспадыні і ўзначалілі турнірную табліцу. У палескай каманды цяпер няпростыя часы, і не дзіва, што ў Берасці калектыў Міхаіла Каваленкі саступіў ужо трэці раз.

Міхаіл Каваленка, галоўны трэнер «Жамчужыны Палесся»:

«У сезоне заўсёды ставім перад сабой максімальныя мэты. Гэты сезон па камплектацыі вельмі цяжка праходзіў, таму мы па ходу сезону будзем дадаваць, даганяць дзесьці супернікаў, але наколькі гэта атрымаецца, сезон пакажа».

«Жамчужына» перад стартам сезону згубіла чатырох сваіх лідараў, а самым значным набыццём стала дасведчаная блакавальніца Жанна Галадко, якая пераехала ў Мазыр якраз з «Прыбужжа»:

«Я лічу, што для берасцейскага валейбола, столькі гадоў аддала яму, амаль трынаццаць гадоў гуляючы ў гэтай камандзе, я дамаглася ўжо ў прынцыпе ўсё, што толькі можна было, таму зараз вырашыла памяняць клуб, новага трэнера, і думаю, мне пойдзе гэта на карысць як гульцу».

«Прыбужжа», акрамя Галадко, страціла яшчэ Аліну Адаменю, якая адправілася гуляць у Данію. На змену прыйшла перспектыўная моладзь, і гульня каманды зрабілася хутчэйшаю.

Берасцейская каманда ставіць перад сабой задачу дабрацца мінімум да фіналу чэмпіянату краіны, але на стадыі паўфіналу да турніру далучыцца чэмпіён Беларусі апошніх гадоў – «Мянчанка», якая на працягу ўсяго сезону выступае ў расейскім чэмпіянаце, мае лепшае фінансаванне і лепшых гульцоў, таму забраць у яе чэмпіёнскі тытул будзе вельмі складана.

Міхаіл Каваленка, галоўны трэнер «Жамчужыны Палесся»:

«Калі ў цябе ў складзе асноўны касцяк зборнай, гэта лепшыя ў краіне, а ўсё што засталося, застаецца ў нас. Навязаць барацьбу дзесьці можна, тут будзе вырашаць характар і воля».

Наталля Мелянюк галоўная трэнерка «Прыбужжа»:

«Шчыра сказаць складана, таму што гульнявая практыка ў расейскім чэмпіянаце гэта вельмі шмат значыць, і камплектацыя ў нас з кожным годам становіцца не тое, што слабей, а меншы выбар гульцоў. У запасе ў нас моладзь у асноўным, вось у дывізіён «В» мы іх адпусцілі, яны гуляюць. А па старэй і больш вопытны ў нас зусім упрытык».

Нельга параўноўваць фінансаванне «Мянчанкі» і астатніх камандаў. Берасцейкі і мазыранкі не находзяць сродкаў, каб выступіць у еўракубках, хаця заваявалі гэтае права. Вось толькі аб праблемах фінансавання адмаўляюцца гаварыць як гульцы, так і трэнеры.

«Можна я пакіну гэта інкогніта?» – кажа Аліна Ільюта, нападніца «Прыбужжа».

«Гэты канфідэнцыйная інфармацыя, таму мы не маем права яе выдаваць», – гаворыць Жанна Галадко, блакавальніца «Жамчужыны Палесся».

«Але хто вам пра фінансы праўду скажа? Вы ж разумееце. Ёсць пытанні, вырашаем па ходу, не так як было. Гэта ўсё рабочыя моманты», – каментуе Міхаіл Каваленка, галоўны трэнер «Жамчужыны Палесся».

«У нас складана, калі шчыра сказаць, пакуль дапамагаюць наколькі магчыма, не хочацца пра сумнае, сёння такі дзень выдатны, мы перамаглі!» – Наталля Мелянюк галоўная трэнерка «Прыбужжа».

Пакуль жа большасці камандаў застаецца сціпла жыць з сезону ў сезон, бо яны існуюць на дзяржаўныя грошы.

Алесь Ляўчук belsat.eu