Закуліссе пратэстаў беларускага шоу-бізнесу


Праца работнікаў культуры пад ідэалагічнай цэнзурай. У новым выданні «Шчыра кажучы» пагаворым пра палітычныя настроі дзеячаў культуры, а таксама за што Лукашэнку можна сказаць «дзякуй» і якой магла б быць інаўгурацыя новага прэзідэнта.

Топ самых папулярных формаў пратэсту дзеячаў культуры: крытычныя допісы ў сацыяльных сетках, адмовы ад удзелу ў прапагандысцкіх канцэртах, звальненні з дзяржаўных установаў культуры, стварэнне пратэставых песняў, адмова ад дзяржаўных узнагародаў і прэзідэнцкіх знакаў увагі.

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук звольнілася з Вялікага тэатру яшчэ да выбараў. Выступала на мітынгу падтрымання Ціханоўскай. Цяпер гастралюе за мяжой – рыхтуецца да спектаклю ў Вільні.

«Запрашаў на баль, я яго адкрывала, дзе мне ён прэзідэнцкую стыпендыю уручыў. Калі з ім сустрэлася, проста кажу: «Аляксандр Рыгоравіч, я запрашаю вас да сябе на спектаклі, я ведаю, што вы ні разу не былі ў нас у Оперным тэатры. Вы не вельмі любіце оперу, – я так проста і сказала, – але ўсё ж такі прыходзьце на спектакль, ён вельмі круты, вы фурор зробіце ў нашым Оперным». А ён мне: «Хто сказаў, што я не люблю оперу? Я люблю оперу. А фурор павінна ты зрабіць». Я яго яшчэ раз потым запрашала, нават звязалася з яго памочнікам. Мне было цікава, прыйдзе ён ці не. Не прыйшоў. Але я лічыла, што гэта мая місія: прывесці кіраўніка дзяржавы на оперу. (…) Мне яго шкада проста, што за 26 гадоў не наведаў ніводнага тэатру».

Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, якая звольнілася з Купалаўскага тэатру, а пазней яе звольнілі і з Акадэміі мастацтваў, дзе яна выкладала, кажа, што артысты будуць імкнуцца ўплываць на сітуацыю тым, чым могуць, не зважаючы на цэнзуру.

«Былі прэтэнзіі, чаму ў вас тут строі ў жанчын бела-чырвона-белыя, прыбярыце гэта слова, а вось гэта не стаўце».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Што будзе, калі айчыны шоу-біз адмовіцца абслугоўваць Лукашэнку?
  • Чаму дзеячы культуры вяртаюць дзяржаўныя ўзнагароды, нават медаль імя Скарыны?
  • Якую інгаўгурацыю новага прэзідэнта паставіў бы рэжысёр шматлікіх дзяржаўных святаў Вячаслаў Панін?

Belsat.eu