Захад хоча перазагрузкі дачыненняў з Расеяй


Размарожванне і перазагрузка, бессэнсоўная сустрэча і палітычная гульня – такімі рознымі эпітэтамі аналітыкі акрэсліваюць сённяшняе, другое за два гады, спатканне Рады Расея – НАТО ў Бруселі.

Некаторыя з экспертаў упэўненыя, што ў часы актывізацыі тэрарыстычных груповак, якія маюць ужо нават свае квазідзяржавы, размаўляць варта нават з расейскім мядзведзем.

«Сёння ўсе разумеюць адно: партнёрства з Расеяй патрэбнае. Асабліва, калі мы глядзім на дынаміку сітуацыі на Блізкім Усходзе. Ні Расея, ні Еўразвяз, ні НАТО паасобку не змогуць развязаць блізкаўсходняй праблемы», – кажа аналітык Браян Магўайр з агенцтва «IBX Media».

«Таму партнёрства, паразуменне нам патрэбнае як паветра – нягледзячы на тое, што гэта ўсё стала надзвычай далікатным і нават крохкім», – дадае спецыяліст.

Сярод асноўных тэмаў Рады Расея – НАТО – барацьба з тэрорам і з міжнародным наркатрафікам з Афганістану. Аднак Крэмль бачыць парадак дня па-свойму, называючы галоўнай тэмай для размоваў з Захадам вынікі Варшаўскага саміту і планы ўзмацнення вайсковай прысутнасці на гэтак званым «усходнім флангу» НАТО.

«Размяшчэнне чатырох батальёнаў НАТО ў Польшчы і краінах Балтыі – гэта крок, які адпавядае той вайскова-палітычнай, ці нават геапалітычнай лініі Альянсу, якая парушае парытэт сілаў у рэгіёне. Таму гэта патрабуе ад нас адпаведных захадаў, якія б узмацнілі нашую бяспеку», – заяўляе прадстаўнік Расеі ў НАТО Аляксандр Грушко.

Выказваючы абурэнне рашэннямі НАТО, Крэмль у сваю чаргу забываецца пра ўзмацненне расейскай вайсковай прысутнасці на сваіх заходніх тэрыторыях, ды правядзенне рэгулярных вучэнняў ля самых межаў Альянсу, у тым ліку ў Беларусі.

Чарговыя з іх, з удзелам расейскіх войскаў, запланаваныя ўжо на жнівень у Баранавічах, недалёка ад польскай мяжы. Аднак аналітыкі лічаць, што краіны НАТО паказалі, што не збіраюцца саступаць, і падчас сённяшніх перамоваў у Бруселі яшчэ раз пра гэта нагадаюць Крамлю.

«Саміт НАТО і гэтак званы «action plan» – план дзеянняў Альянсу, стратэгія, якой прытрымліваюцца (асабліва цягам апошняга года) у Бруселі, – маюць сваёй мэтай узмацніць наступны мэсідж: калі вы атакуеце, то мы будзем абараняцца», – кажа Браян Магўайр.

Рада Расея – НАТО была створаная 14 гадоў таму з мэтаю вывесці стасункі на якасна новы ўзровень. З тых часоў спатканні перапыняліся двойчы. Абодва разы з віны Расеі: у 2008-м з прычыны расейска-грузінскага ўзброенага канфлікту, ды ў 2014-м – з прычыны анексіі Крымскага паўвостраву Расеяй.

Прайшло два гады, і Захад зноў марыць пра «перазагрузку» і паразуменне.

Юрый Салодкі, «Белсат»