За што старшыня Следчага камітэту атрымаў права на катэдж у Драздах?


Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч атрымаў права пабудаваць элітны катэдж у «Драздах». Афіцыйна – «для службовага карыстання». Пры гэтым Наскевіч ужо мае ільготны катэдж у Пінску.

Пра гэта стала вядома дзякуючы чарговай публікацыі «Нашай Нівы».

Галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» Ягор Марціновіч:

«Сітуацыя тыповая: чарговы чыноўнік атрымлівае чарговы надзел для будаўніцтва. Асаблівасць сітуацыі ў тым, што апошнім часам чыноўнікі атрымлівалі зямлю па праве спадчыннага пажыццёвага карыстання. То бок мяркуецца, што ён перадзе дзецям і ўнукам чыноўнікам, аднак прадаць яго цяжэй, чым калі ён знаходзіцца ва ўласнасці. А Наскевіч як раз атрымаў яго ва ўласнасць. Фармальна ён будаваўся як шматдзетны бацька, які стаяў у чарзе на паляпшэнне жыццёвых умоваў. Іншае пытанне, што ён прастаяў у гэтай чарзе 1,5 года».

«Безумоўна гэта ўзнагарода Наскевіча, як і ўзнагарода іншым чыноўнікам. Але Наскевіч адзін з нямногіх сілавікоў пра якіх, калі мы каталіся па Беларусі і збіралі інфармацыю пра яго, дрэнных словаў амаль не гучала. Людзі адзначалі яго сумленнасць падчас ранейшай працы, яго пазітыўную дзейнасць. Таму гэта не горшы з чыноўнікаў. Але зноў узнікае традыцыйнае пытанне: ці быць нядрэнным чыноўнікам аўтаматычна азначае трымаць катэдж коштам ад 500 тысяч USD да мільёна», – кажа Марціновіч.

Гэта не першая публікацыя «Нашай Нівы» на тэму пабудовы катэджаў чыноўнікаў у Драздах, але ўлада на гэта ніяк не рэагуе.

«З часу першых публікацый прайшло ўжо некалькі гадоў, а Дразды толькі пашыраюцца і пашыраюцца», – кажа Марціновіч.